Пятніца, 30 Снежань 2016

Супрацоўніцтва маладых рабочых Галяндыі і Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Наваполацку 10 і 11 сьнежня прайшоў сэмінар-сустрэча моладзі дэмакратычных прафсаюзаў Беларусі. Сэмінар наведалі маладыя рабочыя з Салігорску, Полацку і ​​Наваполацку, а таксама прыехалі госьці з Галяндыі ад партнэрскага прафсаюзу ФНВ.

Працоўныя дзьвюх краін абмяняліся досьведам прафсаюзнай дзейнасьці ў інтарэсах маладых работнікаў, пагаварылі пра адмысловыя праблемы маладых рабочых і мэтады адстойваньня інтарэсаў сябраў прафсаюзу.

РЫЗЫКА ПРАЦЫ НА КАНТРАКЦЕ

Рабочая моладзь абмеркавала, як пры нестандартнай занятасьці павысіць сацыяльную абароненасьць працоўных. У Беларусі большасьць работнікаў працуюць ва ўмовах нестандартнай занятасьці паводле тэрміновых працоўных дамоваў (кантрактаў) як часовыя працаўнікі. Гэта спараджае вялікія рызыкі страты працоўнага месца маладымі рабочымі і, як вынік,  нізкія заработныя платы.

ПРАЦАДАЎЦЫ ХАВАЮЦЬ ПРАЎДУ

Сябра прафсаюзу транспартнікаў ФНВ з Галяндыі Томас казаў пра тое, што і ў іх краіне працадаўцы, як правіла, хаваюць праўду ад маладых работнікаў пра тое, якія ў работнікаў ёсьць правы і пэрспэктывы сацыяльнай абароны, таму трэба даносіць да моладзі ўсю праўду. Дапусьцім, калі малады чалавек захварэў і працадаўца павінен аплачваць яму бальнічны, але гэтага ня робіць, кажучы, што рабочы ня можа атрымліваць гэтую дапамогу па хваробе, бо мала прапрацаваў - гэта ня праўда!

ПРАФСАЮЗ У ГАЛЯНДЫІ

Прафсаюзы ў Галяндыі ўсяляк пашыраюць інфармацыю пра сацыяльныя гарантыі працоўных. Для інфармаваньня работнікаў прафсаюзамі выкарыстоўваюцца ўлёткі, газэты, сацыяльныя сеткі, відэаматэрыялы; ладзяцца прафсаюзныя сэмінары, на якіх рабочых навучаюць абароне сваіх правоў ва ўмовах нестандартнай занятасьці.

МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА

На міжнародным узроўні можна выкарыстоўваць салідарныя выступы работнікаў розных краін для падтрымкі сацыяльнай абароны працоўных у Беларусі. Магчыма абменьвацца інфармацыяй пра тыя прадпрыемствы, якія прымаюць на працу моладзь у нестандартных умовах і парушаюць іх правы. Пры гэтым трэба аказваць ціск на такіх працадаўцаў празь лісты салідарнасьці, кампаніі ў сацыяльных сетках.

АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫРАШАЦЬ РАЗАМ

На сэмінары працоўныя Беларусі і Галяндыі адзначылі шэраг агульных праблем у маладых рабочых у абедзьвюх краінах. Такіх як гарантыя першага працоўнага месца з годнымі ўмовамі працы, сацыяльная неабароненасьць пры нестандартнай занятасьці, няведаньне маладымі рабочымі сваіх правоў. Маладыя рабочыя Беларусі і Галяндыі дамовіліся супрацоўнічаць для абмену досьведам абароны сацыяльна-эканамічных інтарэсаў сваіх сябраў прафсаюзу.

Аляксандар Марозаў