Чацвер, 18 Жнівень 2016

Генпракуратура ня стала разглядаць па сутнасьці скаргу Свабоднага прафсаюзу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Генэральная пракуратура Генэральная пракуратура

Генэральная пракуратура не пажадала бясплатна разглядаць скаргу Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) на парушэньне правоў і свабод рабочых полацкага заводу «Шкловалакно». Начальнік аддзелу па наглядзе за выкананьнем правоў і свабод грамадзян Марына Папова прапанавала прафсаюзу заплаціць пошліну ў 2 базавыя велічыні - тады генэральная пракуратура, мабыць, зробіць ласку разгледзець скаргу па сутнасьці.

Скарга рабочых тычылася штрафу прафсаюзным актывістам за пікет у горадзе Полацку. Самі рабочыя лічаць гэты штраф незаконным, бо пікет ладзіўся ў межах прафсаюзнай дзейнасьці на рашэньне кіроўнага калегіяльнага органу прафсаюзу. Паводле Статуту СПБ сябры прафсаюзу абавязаныя выконваць рашэньні Савету прафсаюзу, што яны і зрабілі.

Больш таго, прафсаюзныя актывісты адзначаюць, што нікому ніякай шкоды пікет не нанёс, а адміністрацыйны кодэкс Беларусі прадугледжвае вызваленьне ад адказнасьці пры малазначных парушэньнях, нават калі прызнаваць, што правапарушэньне мела месца.

Адказ на скаргу, падпісаны Марынай Паповай, вытрыманы ў бюракратычных традыцыях. На пачатку ліста пералічваюцца артыкулы падатковага і адміністрацыйнага кодэксаў. Спадарыня Папова чамусьці запатрабавала даверанасьць ад старшыні прафсаюзу на прадстаўленьне інтарэсаў сябра прафсаюзу, як быццам скарга ў пракуратуру прафсаюзу была накіраваная ад фізычнай асобы, хоць яна была надрукаваная на блянку Першаснай арганізацыі СПБ рабочых ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Начальнік аддзелу па наглядзе за выкананьнем правоў і свабод грамадзян Марына Папова зусім не ўзяла пад увагу, што існуе Закон аб прафсаюзах, які гарантуе права прафсаюза зьвяртацца ў дзяржаўныя органы. Апроч таго, у скарзе прафсаюзу згадваецца парушэньне міжнародных забавязаньняў Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць правы працоўных, за выкананьнем якіх якраз і павінен сачыць аддзел Генэральнай пракуратуры.

Як пракамэнтаваў сытуацыю намесьнік старшыні СПБ Мікола Шарах, у Генэральнай пракуратуры не змаглі адрозьніць зварот прафсаюзу ад нагляднай скаргі.

«Яны гэтак сьпяшаліся з адпіскай, што не змаглі нават правільна прачытаць прозьвішча прадстаўніка прафсаюзу. Ня думаю, што ўся рэч у нізкай кваліфікацыі пракурорскіх работнікаў. На мой погляд, гэта добры прыклад таго, як гэты дзяржаўны орган, які ўтрымліваецца за кошт падаткаплацельшчыкаў і абавязаны кантраляваць выкананьне іх правоў, не выконвае свае функцыі», - заявіў Мікола Шарах.

Аляксандар Марозаў