У чэрвені 2016 году налічаная сярэднямесячная заработная плата па Наваполацку паменшылася на 337,5 тысяч і склала 8.318.514 недамінаваных рублёў. Нягледзячы на падзеньне, зарплата навапалачан значна перавысіла сярэднія паказчыкі ня толькі па вобласьці, але і па краіне, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт.
Намінальная зарплата навапалачан за шэсьць месяцаў так і не дасягнула сьнежаньскай планкі ў 8.847.425 рублёў. Два зімовыя месяцы зарплата памяншалася: у студзені яна «ўсохла» на 971 тысячу, у лютым на 344 тысячы. Сакавіцкі прырост на 430 тысяч, красавіцкі на 61 тысячу і травеньскі на 633 тысячы становішча ня выправілі. У чэрвені зарплата зноў «звалілася», усяго з пачатку году сярэдняя зарплата навапалачан паменшылася на 529 тысяч (52.90 дэнамінаваных) рублёў.
Нягледзячы на гэта сярэднямесячная заработная плата па Наваполацку на 0,9 мільёну (90 рублёў) перавысіла сярэднюю заработную плату рабочых і служачых Беларусі, якая ў чэрвені гэтага году склала 7.387.447 (738.74) рублёў.
Дарэчы, Наваполацак стаў адным зь нешматлікіх рэгіёнаў, дзе зарплату работнікам налічылі вышэйшую за сярэднія паказчыкі па краіне.
У параўнаньні зь сярэднімі паказчыкамі па вобласьці розьніца яшчэ больш істотная – у чэрвені намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата на Віцебшчыне была роўная 6.337.563 (633.75) рублёў, а ў шмат якіх раёнах не змагла пераваліць за адзнаку ў 5 мільёнаў (500) рублёў.
У Полацкім раёне сярэдняя заработная плата хоць крыху і перавышала абласныя паказчыкі (склала 6.464.779 рублёў), але аказалася на 923 тысячы ніжэйшай за сярэдні заробак па Беларусі. Рэальная заработная плата ў параўнаньні з чэрвенем 2015 году ў Полацкім раёне паменшылася на 6,0%.
Дзьмітры Дзежыц, ximik.info