Панядзелак, 16 Верасень 2013

Хваляваньні на фабрыцы «КІМ» у Віцебску з-за нявыплаты заробкаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сувязі зь вялікай затрымкай выплаты заробкаў на ААТ «КІМ» 10-11 верасьня на прадпрыемстве адбыліся хваляваньні работнікаў. Як паведаміла «Народным навінам Віцебска» крыніца на фабрыцы, яшчэ ня выплачаная заработная плата за ліпень, а некаторым катэгорыям работнікаў - за чэрвень. 10 верасьня адмовілася працаваць другая зьмена аднаго з цэхаў, а 11 верасьня - першая.

10 верасьня з працаўнікамі цэху, што стаў, сустрэўся дырэктар прадпрыемства Віктар Аксёнаў, які спрабаваў пераканаць жанчын, якія адмовіліся працаваць, апелюючы да цяжкага становішча акцыянэрнага таварыства. На прадстаўленым крыніцай «ННВ» аўдыёзапісу чуваць, як мужчынскі голас паведамляе шумным працаўніцам, што зарплата не выплачвалася з прычыны заблякаваных рахункаў прадпрыемства ў сувязі з запазычанасьцю перад фондам сацыяльнай абароны. З-за павелічэньня пэнсіяў, тлумачыць ён, цяпер прыярытэт выплат у пэнсійны фонд вышэйшы за выплату заробкаў.

У той самы час мужчына, які прамаўляў, зьвяртае ўвагу, што прастой фабрыкі выгадны яе канкурэнтам і нядобразычліўцам. А частыя скаргі наносяць шкоду прадпрыемству - у прыватнасьці, з-за гэтага «КІМ» не наведаў кіраўнік дзяржавы. На аўдыё таксама гучаць пэўныя лічбы - запазычанасьць прадпрыемства перад бюджэтам у памеры 80 мільярдаў рублёў і 40 мільярдаў рублёў чаканай акцыянэрным прадпрыемствам дапамогі.

Крытыцы падвяргаецца візыт на ААТ «КІМ» прэм’ер-міністра, цытуем: «Губэрнатар хацеў далажыць прэзыдэнту, што “КІМ” патрэбная тэрміновая дапамога… фінансавая. Прыехаў Мясьніковіч са сьвітай. Прыехалі, пахадзілі, паглядзелі і далі сваё рэзюмэ - няма чаго сюды прыяжджаць было, сытуацыя зразумелая, нам тут няма чаго рабіць».

Нагадаем, што тады прэм’ер-міністар заўважыў, што прадпрыемству ўжо тры разы аказвалі дапамогу, аднак эфэкту гэтыя меры не прынесьлі. Прадукцыя ААТ «КІМ» выцясьняецца з рынкаў канкурэнтамі і прадаецца слаба. Рэшткі гатовай прадукцыі на складах прадпрыемства склалі 180,4% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці, хаця вытворчыя магутнасьці за студзень-чэрвень па выпуску панчошна-шкарпэткавых і трыкатажных вырабаў загружаныя толькі на 27% і 52,4% адпаведна. «Прадпрыемства, як і жывы арганізм, ня можа існаваць вечна. Яго трэба або абнавіць, або ліквідаваць», - заявіў Міхаіл Мясьніковіч падчас абмеркаваньня розных варыянтаў, якія тычацца далейшага лёсу ААТ «КІМ».

Крыніца: Народныя навіны Віцебска