Нядзеля, 25 Жнівень 2013

Грошы, выдаткаваныя фэрмэру на сховішча для гародніны, згубіліся ў габінэтах віцебскіх чыноўнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Віктар Багачоў Віктар Багачоў

У сапраўдную эпапею ператварыўся ўдзел віцебскага фэрмэра ў рэспубліканскай праграме па будаўніцтве сховішчаў для гародніны. Як паведамляе АНТ, новае сучаснае сховішча павінна было запрацаваць у сялянска-фэрмэрскай гаспадарцы “Вармас” да восені. Для гэтага фэрмэр Віктар Багачоў і ўступаў у рэспубліканскую праграму - тры месяцы зьбіраў дакумэнты і зьвяртаўся ў аблвыканкам. Але гатоўнасьць абяцанага сховішча для гародніны толькі 90%. 

Будоўлю распачалі ўвесну мінулага году. Ужо патрацілі 11 мільярдаў бюджэтных грошай. Ня лічачы ўласных ашчаджаньняў фэрмэра - паўтара мільярда рублёў. Ужо пабудаваны будынак, закупленае абсталяваньне. Толькі вось сродкаў, каб яго ўсталяваць, фэрмэр так і не дачакаўся.

Паводле слоў намесьніка начальніка аддзелу міністэрства сельскай гаспадаркі Тацьцяны Гумянюк, “КФХ” Вармас “было ўключанае ў пералік фінансаваньня будаўніцтва гароднінасховішчаў за кошт сродкаў бюджэту, яму выдаткаваная сума ў 3,4 мільярда, якую ён сёньня пасьпяхова асвоіў, акрамя таго, за кошт абласнога бюджэту яму былі дадзеныя дадаткова яшчэ тры мільярды, якія ён не патраціў”.

Патраціць грошы Багачоў быў бы і рады, толькі, кажа, ён іх ня бачыў. Знайсьці іх у габінэтах абласных чыноўнікаў аказалася сапраўды складана. Камэнтар удалося атрымаць пасьля трох дзён перамоваў. І тое - толькі па тэлефоне.

Увогуле, замест абяцаных бюджэтных выплат мясцовыя чыноўнікі прапануюць фэрмэру зьвярнуцца ў банк. Але той разважае па-гаспадарску - пазыка нават пад такую патрэбную справу пры цяперашніх працэнтных стаўках можа зьвесьці на нішто ўсю яго фэрмэравую эканоміку. Свой ураджай ён пакуль так і складае ў старое сховішча і ўсё яшчэ не губляе надзеі скончыць свой будаўніча-гароднінны праект.

Крыніца: Салідарнасьць