“У адпаведнасьці зь дзеючым заканадаўствам за невыкананьне тэрмінаў выплаты заработнай платы службовай асобе пагражае штраф у памеры да 3 мільёнаў рублёў, юрыдычнай - да 15 мільёнаў. Толькі сіламі КДК сёлета на Віцебшчыне выяўленыя 82 парушальнікі, - адзначае начальнік упраўленьня кантролю бюджэтна-фінансавай сфэры дзяржаўных органаў КДК Віцебскай вобласьці Ўладзімер Гадзяцкі. - Мы ажыцьцяўляем пастаянны кантроль, праводзім праверкі, тэматычныя маніторынгі. Працуе штодзённая гарачая лінія. Варта адзначыць, што апошнім часам колькасьць неплацельшчыкаў павялічылася. Калі на 1 лютага пра запазычанасьці па зарплаце паведамілі 39 прадпрыемстваў, якія не змаглі знайсьці для разьліку са сваімі працаўнікамі 7,6 мільярда рублёў, то ў красавіку даўжнікоў стала ўжо 118. Агульная сума нявыплачаных заробкаў перавысіла 41 мільярд рублёў”.
Уладзімер Гадзяцкі дадае, што большасьць тых, хто праштрафіўся, - сельгаспрадпрыемствы. Трывожыць тое, што многія кіраўнікі спрабуюць пазьбегнуць адказнасьці і імкнуцца схаваць рэальную сытуацыю. Толькі за два апошнія месяцы было выяўлена 14 арганізацыяў, якія ўтаілі факт нявыплаты зарплаты ад органаў статыстыкі. КДК Віцебскай вобласьці ўжо прыцягнуў іх да адміністрацыйнай адказнасьці, а цяпер ацэнку дзеяньням службовых асоб гэтых прадпрыемстваў даюць праваахоўнікі. У ліку аштрафаваных - кіраўнікі праектнага інстытуту Віцебскага ДСК , ААТ “Віцебскгандальбуд”, ААТ “Віцебскі сьвітанак” і базы адпачынку “Крупеніна”.
Крыніца: Тут.бай