Аўторак, 21 Красавік 2020

«У некаторых клясах – па адным вучні». Віцебскі настаўнік расказаў пра навучаньне падчас пандэміі

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота: gazeta.ru Ілюстрацыйнае фота: gazeta.ru

20 красавіка начальнік галоўнага ўпраўленьня адукацыі Віцебскага аблвыканкаму Дзьмітрый Хома паведаміў, што ў першы дзень па вакацыях за парты селі 35,5% вучняў вобласьці. Настаўнік адной зь віцебскіх школ на ўмовах ананімнасьці расказаў «Віцебскай Вясьне», што ў ягонай навучальнай установе ў некаторых клясах на ўроках прысутнічалі толькі адзінкі…

«Настаўнікі вельмі незадаволеныя»

Настаўнік расказаў, што ў клясах 20 красавіка было, у сярэднім, па 5-6 чалавек, але ў некаторых – усяго па адным вучні.

Сьцьвярджае, што настаўнікі вельмі незадаволеныя і знэрваваныя. У тым ліку і таму, што на іх усклалі абавязкі санітарнага кантролю ў школе. Яны мусяць кантраляваць, каб усе дзеці былі ў масках, каб пастаянна мылі рукі. Сочаць, каб памяшканьні штогадзіны апрацоўваліся дэзынфэкцыйнай вадкасьцю, але кажа, што тэхнічкі не пасьпяваюць гэта рабіць, бо іх мала.

«Таксама нам трэба кантраляваць стан здароўя дзяцей, на кожным уроку пытацца, як сябе адчуваюць. Дык, зразумела, што гаворкі аб нейкай канцэнтрацыі падчас заняткаў наогул няма. Яшчэ павінны кантраляваць адсутных. Калі не прыйшлі праз хваробу – адно, калі на самаізаляцыі, то мы мусім даваць урок дыстанцыйна, але гэты працэс зусім ніяк не рэглямэнтаваны», – расказвае настаўнік.

«Сродкі засьцярогі кожны кляс купляў за ўласныя грошы»

Паводле мужчыны, зранку на ўваходзе ў школу дзяжурыць камісія, якая складаецца з адміністрацыі. Кожнага навучэнца і настаўніка запытваюць пра стан здароўя і даюць дэзынфэктар для рук. Што да дзяцей, дык яны, праз паламаньне прывычнага рэглямэнту, знаходзяцца пакуль у прастрацыі.

«Настаўнікі ўсе ходзяць у масках, з вучняў – большасьць. Слабей прытрымліваюцца масачнай уніформы дзеці малодшых клясаў. Дарэчы, сродкі засьцярогі кожны кляс купляў за ўласныя грошы», – паведаміў пэдагог.

Паводле ягоных словаў, настаўнікаў папярэдзілі, што з кожнага возьмуць грошы на дапамогу лекарам – «па 60 рублёў з настаўніцкага носу».

«Зразумела, што гэта будзе такі добраахвотна-прымусовы падатак», – кажа.

«На суботнік зьбіраюцца ўсе…»

Паведамілі пэдагогам і пра неабходнасьць папрацаваць 25 красавіка на суботніку, які, дарэчы, прыпадае на працоўны дзень.

«На суботнік зьбіраюцца ўсе. Незадаволеныя таксама, канечне, усе, але стараюцца менш раздражняць адзін аднаго абурэньнямі, бо няма сэнсу псаваць настрой, калі гэта нічога ня вырашыць і вынік вядомы. Спрабуем жартаваць, што вось суботнік адбудзецца ў працоўную суботу ды яшчэ і грошы з нас зьдзяруць за гэта – па 3,50 рублёў. То бок папрацуем, ды яшчэ заплацім за гэта. Абсурд, канечне, але ўсе прызвычаіліся…» – распавядае настаўнік.

«Байкот ці страйк?.. Пра гэта гаворкі няма»

На думку мужчыны, навучальны працэс у Віцебскай вобласьці ня трэба было ўзнаўляць, наадварот – варта было ўвесьці строгі карантын.

«Магчыма, у іншых месцах Беларусі, дзе эпідэміялягічная сытуацыя не такая напружаная, можна было абмежавацца тымі захадамі, якія зараз маем, але ня ў нашым рэгіёне, дзе вельмі трывожнае становішча», – мяркуе школьны настаўнік.

Кажа, што, калі сытуацыя будзе пагаршацца, то многія пэдагогі будуць браць адпачынак за свой кошт. Шмат хто гатовы зрабіць гэта хоць заўтра, каб сысьці на самаізаляцыю да лепшых часоў.

«Але гаворкі пра нейкі байкот, то бок пра масавы і сьвядомы акт непадпарадкаваньня, ці нейкі страйк, наогул не вядзецца. Хто супраць таго, каб працаваць у такі напружаны час, будзе проста браць адпачынак за свой кошт і сыходзіць у самаізаляцыю», – выказаў меркаваньне настаўнік віцебскай школы.

Уладзімер Бяляўскі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.