Паводле сьледзтва, 18-гадовы навучэнец прафліцэю падрабіў даведку аб тым, што зьяўляецца вучнем адной зь сярэдніх школ Віцебску. У лютым 2020 году ён паказаў гэтую даведку кандуктарцы ў аўтобусе, але тая ўсумнілася ў яе сапраўднасьці, бо адрас школы на паперцы не супадаў з рэальным адрасам навучальнай установы. Фальшывая даведка была накіраваная ў праваахоўныя органы.
Сьледчыя высьветлілі, што хлопец у дадзенай школе ніколі не вучыўся, а дакумэнт і пячаткі на ім вырабіў на каляровым прынтары. У дачыненьні юнака распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 380 КК (падробка дакумэнту).
Сьледчыя зьвяртаюць увагу, што крымінальная адказнасьць за падробку, выраб, выкарыстаньне альбо збыт падробленых дакумэнтаў настае ад 16 гадоў.
Частка 1 артыкулу 380 Крымінальнага Кодэксу РБ прадугледжвае пакараньне грамадзкімі працамі, альбо штрафам, альбо папраўчымі працамі да 2 гадоў, альбо абмежаваньнем волі на тэрмін да 2 гадоў.
Зьміцер Міраш