Серада, 21 Лістапад 2018

Бацькі віцебскіх фігурыстаў паскардзіліся прэзыдэнту: няма лёду і збораў – усё аддалі расейскаму трэнэру

Ацаніць гэты матэрыял
(22 галасоў)
Бяз лёду. Дзеці трэніруюцца ў фае Лядовага палацу Бяз лёду. Дзеці трэніруюцца ў фае Лядовага палацу

У  Віцебску ёсьць свой ЦАР (цэнтар алімпійскага рэзэрву) зімовых відаў спорту і свой лядовы палац. Ёсьць свой хакей і свой шорт-трэк. А ёсьць фігурнае катаньне, якое юныя фігурысты хацелі б таксама называць “сваім”. Але зь нядаўніх часоў “сваё” і “наша” раптам сталася для іх чужым. У фігурным катаньні насьпявае бунт бацькоў…

На мінулым тыдні бацькі будучых фігурыстаў зьвярнуліся ў Адміністрацыю прэзыдэнта з просьбай разабрацца ў сытуацыі, якая ўзьнікла ў аддзяленьні фігурнага катаньня. Бо віцебскі ЦАР ужо не дае рады.

Тэатар аднаго актора?..

У звароце да Лукашэнкі яны сьцьвярджаюць, што з прыездам у гэтым сэзоне ў Віцебск расейскага трэнэра Юліі Салаўёвай іх дзяцей пазбавілі лёду, паўнавартасных трэніровак, збораў і спаборніцтваў.

Віцебскі лядовы Палац спорту. Фігурным катаньнем тут займаюцца ўжо 20 гадоў

Паводле бацькоў, лёд аддалі на водкуп Салаўёвай, якая займаецца выключна сваім гадаванцам Аляксандрам Лебедзевым, таксама прывезеным з Расеі (цяпер ужо – член зборнай Беларусі), і фігурысткай Марыяй Сычовай. А ўсім працэсам кіруе ніяк ня ЦАР, а “шэры кардынал” аддзяленьня Сьвятлана Галоўкіна – кіраўніца створанай у 2016 годзе асацыяцыі “Фэдэрацыя па фігурным катаньні на каньках Віцебскай вобласьці”. Менавіта зь ініцыятывы Галоўкінай сюды і запрасілі расейскую трэнэрку.

Цымус у тым, што Сьвятлана Галоўкіна – гэта маці той самай фігурысткі Сычовай, а таксама – жонка топавага віцебскага бізнэсоўца Аляксея Сычова, уладальніка прадпрыемства “Вітвар” (сетка аптэк плюс аптовы гандаль фармацэўтыкай).

У прыватнай размове бацькі фігурыстаў кажуць, што аддзяленьне фігурнага катаньня ў Віцебску ператвараецца, выражаючыся фігуральна, у тэатар аднаго актора.

“Дзяліць лёд – гэта злачынства”

“Я не паверу, што ў Беларусі няма талковых трэнэраў. Чаму яны прывозяцца з Расеі?.. Вы ж павінны разумець, што калі мяняць трэнэраў штогод, а ў нас гэта адбываецца кожныя паўгода, то аніякіх вынікаў ня будзе. Добра, хай прывозяць адтуль спартоўцаў, але хай жа гэта ня будзе шкодзіць нашым дзецям”, – выказваецца тата 11-гадовай фігурысткі Юлі Сяргей Царэнка.

А шкода робіцца, сьцьвярджаюць бацькі юных віцебскіх фігурыстаў.

Яны расказваюць, што для таго, каб “расчысьціць” месца для расейскага трэнэра, ЦАР адправіў працаваць у Воршу былога старэйшага трэнэра аддзяленьня Валянціну Завядзееву, якая прысьвяціла віцебскаму фігурнаму катаньню 20 год жыцьця і мела добрыя вынікі. Да пэнсіі ёй заставалася працаваць два гады, і цяпер яна вымушаная тры разы на тыдзень на ўласным аўто езьдзіць у Воршу. Як кажа, “кінулі на аршанскую трасу”. За што – дагэтуль не разумее.

Перад прыездам расіянкі згубіла працу на віцебскім лёдзе і трэнэр вышэйшай катэгорыі па фігурным катаньні Ірына Перахрэст.

Між тым, запрошанага спэцыяліста Юлію Салаўёву прызначылі нядаўна старэйшым трэнэрам аддзяленьня. На апошняй трэнэрскай радзе Салаўёва прапанавала “падзяліць” гадзіны трэніровак на лёдзе паміж сваёй групай і групай маладой трэнэркі Крысьціны Салдатавай, матываваўшы гэта пытаньнем небясьпекі – маўляў, фігурысты могуць сутыкацца падчас трэніровак. І групы падзялілі.

Крысьціна Салдатава падчас заняткаў зь юнымі фігурыстамі

“За 20 гадоў ніколі такога не было! Сьмех! Раней было сем трэнэраў, і на лёдзе аж кішэла, але ніхто і ніколі паміж сабой не сутыкаўся і траўмаў не атрымліваў. Лёду мала, і дзяліць гэты лёд – злачынства. Як гэта можна рабіць, калі дзеці і так свае лядовыя гадзіны не выпрацоўваюць?..” – зьдзіўляецца экс-старэйшы трэнэр Валянціна Завядзеева.

Адзначым, што ў гэтым выпадку лёд падзялілі паміж усяго 11-цю спартоўцамі (пастанова Мінспорту).   

Былая фігурыстка Крысьціна Салдатава, якая працуе зь дзвюма групамі (2-га году навучаньня і сумежнай, зь дзеткамі 8-12 гадоў), апынулася ў ролі беднага родзіча. А самі “салдатаўцы” маюць зараз лёд для трэніровак усяго два разы на тыдзень па дзьве гадзіны – ад 6.45 раніцы (!). Цалкам недастаткова, каб паўнавартасна трэніравацца, ставіць новыя элемэнты, рыхтавацца да спаборніцтваў і паказваць добрыя вынікі.

“Можа, хто пачуе наш крык?..”

Мала таго, бацькі сьцьвярджаюць, што маладую трэнэрку практычна не дапускаюць да дзяцей. “Нашы дзеці дэградуюць”, – ужо ня кажуць, а крычаць бацькі.

“Калі даходзіць да такога вар’яцтва, калі пазбаўляюць і трэнэра, і лёду – у мяне заканчваюцца словы… Хочацца крычаць! Можа, хто пачуе наш крык душы?..” – не хавае эмоцый маці 8-гадовай фігурысткі Жанны Пышкінай.

“Ведаеце, мы, як рыба паветра, хапаем моўчкі дробкі гэтага лёду. І пры гэтым мы належым ЦАРу, мы будучыя алімпійцы! Усё зразумела: і ў ЦАРа бываюць складанасьці, і ў дзяржаве, і ў галовах бываюць складанасьці. Але ж нам элемэнтарна не даюць лёду. Як навучыць фігурыста, пазбавіўшы яго лёду? Як?..” – пытаецца маці.

Сьвятлана Пышкіна расказвае, што яе дачка павінна была сёлета выступіць на галоўным для юных фігурыстаў рэспубліканскім спаборніцтве “Зорачка”. Маці выпрасіла для дачкі крыху больш трэніровак на лёдзе. Але ўсё марна – дзяўчынкай ніхто не займаўся.           

“Трэнэр Салаўёва працавала на лёдзе – і гэта бачылі ўсе – толькі зь дзьвюма асобамі – дачкой Сьвятланы Генадзьеўны Галоўкінай і хлопчыкам КМС. А мы як прыгожая шырма! Нас адпраўляюць на рэспубліканскія спаборніцтвы, а тэсты яшчэ не выкатаныя і праграма не пастаўленая. Салдатава хацела паставіць праграму, але ёй не давалі гэта зрабіць. Я бачыла, як яна брала маё дзіцё за руку, пад’яжджала да Салаўёвай і запытвала, што рабіць. Тая толькі паціскала плячыма...” – тлумачыць Сьвятлана.

Праграму маленькай Жаньне так і не паставілі, хоць час і магчымасьці былі. На “Зорачку” яна не паехала. Пакрыўджаная маці напісала афіцыйны ліст на імя кіраўніка віцебскага ЦАРу Ільлі Смунёва, каб патлумачыў, што наогул адбываецца. Але адказу дагэтуль не атрымала. Больш таго, пасьля звароту ў ЦАР яе дачку наогул пазбавілі лёду…

Год таму ёй ганарыўся ўвесь горад

Але гэта толькі адзін з прыкладаў. На “Зорачку” сёлета наогул ніхто не паехаў зь цяперашняй групы Крысьціны Салдатавай, бо да турніру іх мусіла рыхтаваць Салаўёва, і ўсе аказаліся непадрыхтаваныя.   

Не паехала ў тым ліку і Паліна Дубіна, якая ў тым сэзоне, у сваіх 8 гадоў, выканала другі спартовы разрад. Яна была першай у Беларусі! Але сёлета на галоўным рэспубліканскім турніры так і ня выступіла.

“Мы два месяцы займаліся ў групе Салаўёвай. Нас як мінімум павінны былі падрыхтаваць да рэспубліканскай “Зорачкі”, якая прайшла на мінулым тыдні. Але  нас увогуле не рыхтавалі! Мы нават скачкі не выконвалі, хаця праграма складаецца зь пяці адзінак скачкоў”, – расказвае маці Паліны Натальля. 

Адна з маці выказвае меркаваньне, што такое стаўленьне да Паліны, якой яшчэ год таму ганарыўся ўвесь ЦАР (ды не, увесь горад!), тлумачыцца вельмі проста: Паліна Дубіна можа скласьці моцную канкурэнцыю цяперашняй фаварытцы Марыі Сычовай. Яны аднагодкі…

“Гэта залатая моладзь, а гэта – г… на лапаце?”

Не патрапіла таленавітая юная фігурыстка Паліна Дубіна і на прэстыжныя зборы, якія ладзіць гэтымі днямі ў Менску Беларускі саюз канькабежцаў. Сэмінар бясплатны, чатырохдзённы, на ўдзел у ім на Віцебскую вобласьць выдзелілі 6 квотаў. І ўсе яны дасталіся фігурыстам з групы расіянкі Салаўёвай. 

 Гадаванкі Салдатавай на трэніроўцы ў фае Лядовага палацу ў Віцебску  

“Я на ўсё гэта глядзець не магу. Я прыехала ўчора зь Менску, з сэмінару. І мне вельмі шкада гэтых дзяцей, якія засталіся за бортам. Яны пакутуюць! А элітная залатая група з шасьці чалавек паехала вучыцца за кошт ЦАРа. Вельмі крыўдна!” – камэнтуе былы старэйшы трэнэр Валянціна Завядзеева.

“Як можна было дзяцей падзяліць: гэта залатая моладзь, а гэта г… на лапаце? І дзяўчынка, якая ў тым годзе была першая, зараз дома сядзіць, замест таго, каб вучыцца. Чаму ёй ня далі квоту? Я ў шоку! Навошта яны дзіцячыя лёсы ламаюць?” – дадае на эмоцыях.  

На думку вопытнай трэнэркі, практыка, калі ў Віцебск запрашаюць расейскіх трэнэраў і спартоўцаў, заганная і плёну не дае.

“Расейцы прыяжджаюць, бачаць, што ў гэтай цьмутаракані можна насячы бабла, сякуць яго і зьнікаюць назаўжды. Такое ўжо было”, – гаворыць Валянціна Завядзеева. Яна мяркуе, што Юлія Салаўёва мусіць вельмі моцна пастарацца, каб даказаць, што яна чагосьці вартая. А тое, што яе гадаванец Лебедзеў патрапіць на чэмпіянат Эўропы, яшчэ далёка ня факт.

Але тэндэнцыя назіраецца сумная: у Віцебск прывозяць расейскіх трэнэраў і спартоўцаў, а мясцовыя таленты пакідаюць горад.

Гэтак, фігурыст Павел Буявец яшчэ два гады таму ўваходзіў у склад зборнай Беларусі, цяпер жа ён у Пружанах. Ягоная маці вымушаная была перавезьці сына ў іншы горад, на іншы лёд і да іншых трэнэраў, калі зразумела, што ў Віцебску нармальна трэніравацца і дасягаць нейкіх вышынь больш не атрымаецца. Сумна.

“Які дагавор? ЦАР нам нічога не дае!”

Урэшце, апошняй кропляй стала патрабаваньне кіраўніцтва цэнтру алімпійскага рэзэрву падпісаць дагаворы аб падрыхтоўцы спартсмэнаў, прычым дагаворы гэтыя раздалі бацькам чамусьці не на пачатку сэзону, а ў сярэдзіне кастрычніка.

“Яны сказалі наўпрост: калі мы не падпішам дагаворы – нашых дзяцей адлічаць”,  – кажа маці фігурысткі Тацяна Калейнікава. Але, нягледзячы на пагрозы, падпісваць іх бацькі катэгарычна адмовіліся. Іх, у прыватнасьці, абурыў пункт 16 Дагавору, дзе тлумачыцца, што пры яго скасаваньні спартовец мусіць вярнуць сродкі, выдаткаваныя на яго падрыхтоўку.

“Мы адмовіліся. Бо гэта не дагавор – гэта пустышка. Няхай упішуць канкрэтную суму магчымых выплатаў, няхай прапішуць тое, што абавязаны рабіць ЦАР і якім інвэнтаром і формай забясьпечваць нашых дзяцей. Бо ўсё, што зараз на нашых дзецях: канькі, форма, касьцюмы і г.д., – усё гэта набытае за ўласныя сродкі. ЦАР не дае нічога. Дый што тут казаць, калі на спаборніцтвы даводзіцца вазіць за свой кошт?..” – гаворыць маці фігурысткі.

Паводле прыблізных падлікаў, бацькі ў сярэднім выдаткоўваюць на сваіх дзяцей-фігурыстаў 5-6 тыс. рублёў за сэзон.

“Адны канькі каштуюць недзе 300-400 эўра. Прычым гэта на адзін сэзон, бо дзеці вырастаюць. Канькі нам не даюць. Нам анічога не даюць”, – запэўнівае Тацяна Калейнікава.

Мэтадыст цэнтру: на кампрамісы ня пойдзем

Маці палічылі, што гэты пункт дагавору папросту зьняважлівы і несправядлівы і падпісваць паперы адмаўляюцца. ЦАР жа ніякіх дзеяньняў, каб залагодзіць канфлікт, дагэтуль, на жаль, не зрабіў.

Мэтадыст цэнтру Людміла Іванова ў размове з намі спасылаецца на пастанову Савета Міністраў №548 ад 19 ліпеня 2018 году і кажа, што ні на якія кампрамісы ЦАР ня пойдзе, бо дагаворы – тыповыя.  

“Гэта робіцца найперш для таго, каб засьцерагчыся ад ад’езду падрыхтаваных намі спартоўцаў за межы краіны з мэтаю выступаць за іншую дзяржаву. Біятланістка Блашко вось у нас апошні раз зьехала, з нашага цэнтру, ва Ўкраіну. А мы ж столькі грошай у яе ўклалі!” – тлумачыць Людміла Іванова.

“А тое што там прапісана і па форме, і фінансаваньне… Вы ведаеце, калі мы яму нічога ня далі, форму там ці на спаборніцтвы не адпраўлялі, то, як нам юрыст патлумачыў, нічога і ўлічвацца ня будзе, разумееце?” – запэўнівае мэтадыст.

На пытаньне, ці хлопец, які прыехаў з Расеі, мацнейшы за мясцовых, Іванова кажа, што Аляксандар Лебедзеў нядаўна заняў у Рызе 5-е месца і спрабуе зараз пацьвердзіць квоту на чэмпіянат Эўропы. “Ці лепшы за нашых дзетак? Канечне!!! З Томску прыехаў! Моцны хлопец. Не-не, ніхто нашых дзетак тут не прыцясьняе. У нас тут наогул у ЦАРы ніводнага кандыдата ў майстры спорту няма, дык...” – падсумоўвае прадстаўніца ЦАРу.

Асаблівых праблем ва ўсім гэтым яна ня бачыць. Ці робіць выгляд, што ня бачыць. Дакладна – ня хоча казаць пра іх. А яны – навідавоку.

А дзеці тут пры чым?..

Такое ўражаньне, што ўсё зноў сыходзіцца на грошах. У віцебскага ЦАРа іх няма. У спадарыні Галоўкінай іх дастаткова. І ў ЦАРа вельмі вялікая спакуса скарыстацца з гэтай акалічнасьці. Але ж ні ЦАР, ні абласное ўпраўленьне спорту і турызму ня ўмеюць чамусьці зрабіць так, каб ня крыўдзіць іншых. Каб не пакрыўдзіць дзяцей, бацькі якіх ня маюць такіх вялікіх грошай. Дзяцей, якія прагнуць называць фігурнае катаньне “сваім”.

Дык тое пра грошы.

“А дзеці тут пры чым?” – пытаюцца бацькі фігурыстаў у кіраўніцтва цэнтру алімпійскага рэзэрву. І адказу не атрымліваюць.

Тое ж пытаньне ў сваім звароце яны адрасуюць прэзыдэнту Беларусі. А раптам адкажа? Прынамсі, гэта адзіны ў краіне чалавек, хто ўмее наводзіць парадак у лядовых палацах. Пачакаем…

Зьміцер Міраш  

1 камэнтар

  • Спасылка на Камэнтар Ksenia Пятніца, 23 Лістапад 2018 Дадаў Ksenia

    Все верно. Чистая правда. И администрация просто молчит и не предпринимает никаких мер виды все эти беззакония, сами этому способствуют.

    Паскардзіцца