“Зьвяртаемся з просьбай пабудаваць у Віцебску скейт-парк, чаго спрабуем дамагчыся ўжо восем гадоў. Каб актыўныя грамадзяне маглі нарэшцэ займацца любімай справай у спэцыяльна адведзеным месцы і прыцягваць яшчэ больш моладзі для здаровага і актыўнага ладу жыцьця”, – гаворыцца ў пэтыцыі.
Просяць таксама, у выпадку, калі пытаньне будзе вырашанае станоўча, правесьці перад пачаткам будаўніцтва грамадзкае абмеркаваньне – “каб заплянаваны скейт-парк не апынуўся раптам не прыдатным для катаньня, а ўсе вашыя намаганьні – марнымі”.
За некалькі дзён пэтыцыя сабрала каля 200 подпісаў.
Катаемся “на помніках”…
Аўтарка звароту віцебская скейтарка Ксюша Манкевіч гаворыць, што часьцей за ўсё экстрэмалы ў Віцебску катаюцца “на помніках”: каля “трох штыкоў” на плошчы Перамогі, ля помніку Машэраву ці на лесьвіцы да Усьпенскага сабору. Карыстаюцца і так званай “ямай” каля Летняга амфітэатру. “Але ў сьпякоту катацца там проста невыносна”, – прызнаецца.
Дзяўчына кажа, што ідэальным месцам для будаўніцтва скейт-парку ў Віцебску была б, напрыклад, пляцоўка за Лядовым палацам, дзе дастаткова месца і ёсьць дрэвы.
Нават у Жодзіне ёсьць скейт-парк
“Колькі ў краіне скейт-паркаў, дакладна не скажу, але, прыкладам, у Менску дзейнічае два. Нядаўна адчынілі ў Жодзіне, у горадзе з колькасьцю насельніцтва ўсяго 65 тысяч чалавек. А ў Віцебску – 377 тысяч, і нічога няма…” – наракае Ксюша.
Што да абласных цэнтраў, дык у 2014 годзе экстрым-парк адчынілі ў Магілёве, у 2017-м – у Гомлі…
Скейтарка сьцьвярджае, што гэта ня першая просьба да віцебскіх ўладаў аб будаўніцтве парку для аматараў нетрадыцыйных відаў спорту. Але далей абяцаньняў ніколі нікуды ня йшло.
Сапраўды, у 2014 годзе экстрэмалы зьвярталіся да гардзкіх уладаў з прапановай стварыць грандыёзны экстрым-комплекс пад дахам на месцы былога кінатэатру “Брыганціна”, але ўладальнікамі будынку спартоўцы так і ня сталі.
Пакуль што прыхільнікі скейтбордынгу, паркуру, BMX ды іншых экстрэмальных відаў спорту застаюцца ў Віцебску па-за гульнёй. А часьцяком – і па-за законам. У дзяржавы іншыя прыярытэты.
Падпісацца пад пэтыцыя можна тут.
Зьміцер Міраш, фота park-city.by