Распавядае айцец Аляксандар Шыбека: «Хрысьціянскае валянтэрскае аб'яднаньне сьвятога Мікалая кожны год у канцы лета арганізуе ў Полацку летнік для дзяцей з інваліднасьцю зь Віцебску. Валянтэры дапамагаюць дзецям у паўсядзённых клопатах, і разам з гульнямі дзеці спасьцігаюць хрысьціянскую навуку, удзельнічаюць у сумесных малітвах. У наступным годзе ў нас будзе ўжо юбілейны дзясяты летнік».
Падчас летніка для дзяцей была праведзеная традыцыйная экскурсія па старажытным Полацку, яны пабывалі ў Полацкім Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыры, наведалі Сафійскі сабор. Полацкі конны клюб бясплатна даў пакатацца на конях. У адзін зь вечароў каля вогнішча дзеці з валянтэрамі самі арганізавалі канцэрт уласных талентаў, а зь Менску прыяжджалі артысты з канцэртам. Штораніцы ў нанова пабудаванай царкве сьвятой Параскевы Полацкай праходзіла Боская літургія з удзелам дзяцей і валянтэраў.
Сёлета да арганізацыі мерапрыемстваў летніка далучылася Полацкая філія Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябры БАЖ падарылі дзецям наборы паперы для творчых заняткаў ды правялі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацку з салодкімі прызамі.
Паводле сьведчаньня арганізатараў летніка, віцебскія дзеці з інваліднасьцю кожны год зь нецярпеньнем чакаюць магчымасьці наведаць Полацак. Нават здараецца, што адмаўляюцца ад паездкі ў санаторый на карысьць летніка.
Падчас літургіі
Падарунак ад БАЖ
Віктарына БАЖ
Ля вогнішча
Аляксандар Марозаў