«Добры дзень, паважаны І. Пастноў! Мы ўважліва вывучылі сытуацыю зь Сяргеем Рыжовым. Зыходзячы з заключэньняў нашых праваабаронцаў, падставаў для прызнаньня яго палітычным вязьнем няма», – гаворыцца ў адказе Amnesty International віцебскаму лекару.
Ігар Пастноў абураны такім адказам: «І дзе яны знайшлі ў Беларусі праваабаронцаў? Кудлы КДБ, пад маскай Права-абаронцаў. Сяргей выводзіў іх на чыстую ваду», – эмацыйна пракамэнтаваў ён публікацыю адказу Amnesty International на сайце freeregion.info.
У цяперашні час Сяргей Рыжоў адбывае пакараньне ў ў папраўчай калёніі № 15 (г. Магілёў). 2 красавіка 2015 году судом Першамайскага раёну Віцебску ён быў прысуджаны да шасьці з паловай гадоў калёніі строгага рэжыму за сэксуальны гвалт і хуліганства (паводле часткі 1 артыкулу 167 і часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу).
Суд, які праходзіў у закрытым рэжыме, палічыў даказаным, што ў лістападзе 2013 году віцебскі палітык учыніў злачынства, згвалціўшы ў выцьвярэзьніку мужчыну, які спаў. Пасьля здарэньня ў выцьвярэзьніку Сяргей Рыжоў уцёк у Расею, каб схавацца ад перасьледу з боку праваахоўных органаў. Але вымушаны быў вярнуцца, загубіўшы за мяжою пашпарт.
Па вяртаньні ў Беларусь Сяргей Рыжоў казаў, што зьбіраецца паўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах-2015. Лекар Ігар Пастноў у студзені 2015 году нават пасьпеў заявіць, што гатовы ўзначаліць яго перадвыбарны штаб. Але неўзабаве за «старыя грахі» Рыжоў быў арыштаваны і на час сьледзтва зьмешчаны ў СІЗА. Сьледзтва, як цяпер вядома, завяршылася судом і прысудам.
Сяргей Рыжоў як палітык быў вядомы мясцовай публіцы сваёй прарасейскай пазыцыяй. Ён ня раз заяўляў пра сябе як пра шчырага верніка Рускай праваслаўнай царквы. Калісьці, працуючы мэнэджэрам садавінагароднінага камбінату, Рыжоў паспрабаваў быў наладзіць выпуск кансэрваў, асьвячоных царквою, але яго ініцыятыва не была зразуметая кіраўніцтвам прадпрыемства, і яго звольнілі. Ён таксама браў актыўны ўдзел у імпэрскім шавіністычным «Славянскім маршы», які прайшоў ў лістападзе 2013 году ў Магілёве пад лёзунгам «Слава Расеі!».
У 2010 годзе палітык спрабаваў балятавацца ў прэзыдэнты Беларусі, але 21 кастрычніка 2010 году заявіў пра тое, што здымае сваю кандыдатуру, бо яго ініцыятыўная група не змагла сабраць патрэбнай для вылучэньня ў кандыдаты колькасьці подпісаў.
Сяргей Рыжоў прадстаўляў сам сябе як сустаршыня незарэгістраванай кансэрватыўнай партыі «Белая Русь» і міжнароднага аб'яднаньня «За новы сьвет! За абноўленага чалавека». Да ўцёкаў з краіны пры канцы 2013 году вёў блогі на шматлікіх пляцоўках у інтэрнэце, дзе пісаў пра бягучую палітыку.
Нешматлікія паплечнікі Сяргея Рыжова сьцьвярджаюць, што палітык апынуўся за кратамі менавіта за ўдзел у палітычным жыцьці, а сам ён ні ў чым не вінаваты. Так, віцябчук Пётар Іваноў (грамадзянін Расеі, які ў сваіх публікацыях у інтэрнэце падпісваецца: старшыня Генэральнага савету па стварэньні міжнароднага грамадзкага аб'яднаньня «За сумленную ўладу», незалежны праваабаронца) заяўляе, што адказнасьць за ўчыненае Рыжовым у выцьвярэзьніку Віцебску нібыта нясе толькі адміністрацыя выцьвярэзьніку. Аргумэнтацыя Іванова зводзіцца да наступнага: п'янага чалавека гвалтоўна даставілі ў казённую ўстанову, а таму толькі супрацоўнікі ўстановы, а ня сам чалавек, які сябе не кантраляваў, адказныя за тое, што ён у гэтай установе ўчыніў.
Імаверна, пададзеную вышэй аргумэнтацыю лекар Ігар Пастноў спрабаваў выкарыстаць, зьвяртаючыся ў Amnesty International. Аднак гэтага выявілася недастаткова, каб пераканаць экспэртаў згаданай сусьветнай арганізацыі. Бо, паводле міжнародных стандартаў, праваабаронцы ня могуць прызнаць вязьнямі сумленьня або палітычнымі вязьнямі тых асобаў (якімі б важкімі палітыкамі яны ні былі), якія зьдзейсьнілі гвалт і за яго былі асуджаныя. А пераканаўчых доказаў таго, што Сяргей Рыжоў гвалту насамрэч не чыніў, а пацярпеў толькі за свае палітычныя погляды, ніхто з паплечнікаў Рыжова пакуль не прад'явіў.
Кастусь Дзьвінскі, Віцебская вясна