Алесь Бяляцкі на судзе чарговы раз заявіў, што справа супраць вясноўцаў з'яўляецца палітычна матываванай, за што іх "555 дзён утрымліваюць у смярдзючых катухах Валадаркі". Старшыня "Вясны" задаў дзяржаўнаму абвінаваўцу Аляксандру Каралю пытанне аб тым, чаму іх затрымлівалі па падазрэнні ў нявыплаце падаткаў у ліпені 2021 года, а ўжо ў верасні 2022 года абвінавачванні былі знятыя і цяпер іх абвінавачваюць у кантрабандзе, ці не ў тым прычына, што па артыкуле 243 Крымінальнага кодэкса тэрмін пакарання складае ад 3 да 7, а па 228 – ад 7 да 12? На гэта суддзя прапанавала Бяляцкаму звярнуцца да сваёй адвакаткі, якая растлумачыць юрыдычную частку пытання.
Алесь падчас судовага разбору займае актыўную пазіцыю, у прыватнасці, заяўляючы хадайніцтва аб прадастаўленні яму дадатковага часу на азнаямленне з матэрыяламі справы. Так, Нобелеўскі лаўрэат прасіў суд даць яму час азнаёміцца з тамамі справы 89-92, а таксама тамамі 105-115, матываваўшы гэта тым, што бакі працэсу мусяць знаходзіцца ў роўных умовах. Гэтае хадайніцтва ў поўным аб'ёме было падтрымана яго абаронцай. Суд на месцы адмовіў у задавальненні хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што Бяляцкі знаёміўся з матэрыяламі справы на працягу месяца, адведзенага Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, а таксама на працягу шасці дзён, калі справа знаходзілася ў судзе.
На судзе Алесь Бяляцкі задаў пытанне суду і пракурору, куды яны гоніць так хутка справу, як у 70-е гады, калі як палітычным, так і не палітычным, не давалі знаёміцца з матэрыяламі справы, а потым дадаў: "Дайце 10 гадоў". Суддзя Марына Запаснік запатрабавала спыніць рэплікі, якія не маюць дачынення да заўваг па справе.