Справу прызначаная разглядаць суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных вясноўцаў утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года — ім пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення.
У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:
- аплаты штрафаў за асобных асоб, "прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання; іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь";
- выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
- аплаты замест некаторых асоб, "якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў";
- аплаты працы адвакатаў, "у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь".
"Для інфармацыйнага суправаджэння сваёй дзейнасці яны выкарыстоўвалі інтэрнэт-рэсурсы ПЦ "Вясна" ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах", — гаворыцца ў абвінавачванні.
На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.