Гэтая гісторыя пачалася больш за два гады таму. 12 чэрвеня 2019 года Павел Левінаў выязджаў на машыне са свайго двара і зразумеў, што тармазы не працуюць. На эвакуатары ён адправіў яе ў майстэрню, дзе яму паведамілі, што хтосьці парэзаў тармазныя шлангі. Праваабаронца напісаў заяву ў міліцыю. Было праведзена некалькі праверак і экспертыз, з якіх вынікала, што сапраўды шлангі былі надрэзаныя. Але крымінальную справу так і не завялі. Міліцыянты палічылі, што шкода была ўчыненая нязначная, усяго крыху больш за 80 рублёў.
Разглядаць жа інцыдэнт як замах на жыццё міліцыя адмовілася.
На судовым працэсе інтарэсы Паўла Левінава прадстаўляла адвакатка, сам ён кантактаваў з суддзёй па відэасувязі. Паводле ягоных слоў, супрацоўнікі міліцыі праводзілі праверкі фармальна, не спрабуючы высветліць асобы людзей, якія парэзалі шлангі. Не былі даследаваныя запісы з камер відэаназірання. Суседзі былі апытаныя толькі тыя, вокны якіх выходзяць на іншы бок двара, дзе няма паркоўкі. Тых жа суседзяў, якія тэарэтычна маглі нешта ўбачыць, чамусьці не апыталі.
Адвакатка звярнула ўвагу на тое, што на шлангах у месцах надрэзаў маглі застацца «біялагічныя сляды асобы, якая зрабіла гэтыя пашкоджанні».
«Калі б гэтыя дзеянні былі адразу выкананыя, а потым быў бы прызначаны шэраг біолага-генетычных і судова-медычных экспертыз, то, я мяркую, на сённяшні дзень карціна праяснілася б. І, магчыма, асоба, якая зрабіла гэтыя пашкоджанні, была б ужо выяўленая. Але ўказанні, якія былі раней дадзеныя пракуратурай, не былі выкананыя», – заявіла адвакатка.
Пракурорка Мірошнікава прызнала, «што довады абгрунтаваныя, а праверка супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а менавіта УУС адміністрацыі Першамайскага раёну гораду Віцебску, праведзеная не ў поўным аб'ёме». «Не даследаваныя абставіны, якія маюць істотнае значэнне для прыняцця законнага і абгрунтаванага рашэння», – дадала Мірошнікава. Таксама заявіла, што «версіі пра замах на забойства не былі правераныя».
Суддзя Наталля Карабліна прыняла рашэнне падтрымаць скаргу праваабаронцы Паўла Левінава, адмяніць пастанову аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы і прызначыць дадатковыя праверкі.
Уладзімір Бяляўскі