Пасьля заканчэньня імпрэзы трэнэры Наста Лойка і Ўладзімер Андрэенка пракамэнтавалі яе вынікі і аспэкты.
Прадстаўнік БелМПР (Міжнародны праваабарончы рух) Уладзімер Андрэенка:
– Існуе шмат падыходаў да правоў чалавека. Наша «Міжнародная школа Правоў Чалавека і грамадзянскіх дзеяньняў» прасоўвае сваё бачаньне гэтага аспэкту. Аднак мы не накідваем нашым слухачам наша бачаньне жывасілам, так бы мовіць, мы ня б’ём указкай па пальцах, калі яны памыляюцца ў сваіх выказваньнях. Даём магчымасьць усім выказацца, паразважаць, і ўжо падчас абмеркаваньня даносім прысутным, што правы чалавека – гэта справа кожнага. І калі ты сёньня не зважаеш на парушэньне гэтых правоў і праходзіш міма, то заўтра гэта абавязкова закране цябе.
Мяркуючы па рэакцыі нашых сёньняшніх слухачоў, нам ўдалося данесьці свае погляды. Выпадковыя наведнікі на сэмінар ня трапілі, людзі прыйшлі цікаўныя. Палову прысутных склалі студэнты віцебскіх ВНУ, другую палову – асобы, якія ўжо недзе працуюць. Сёньняшнія заняткі былі ўводнымі.
Наогул, курс, які мы выкладаем, – даволі вялікі. Ёсьць базавы курс, ёсьць унівэрсальны. Сёньня мы даводзілі слухачам, што правы чалавека – досыць крохкае паняцьце, датычнае кожнага; што меншасьць мусіць бараніць сябе ад большасьці, і як большасьць уплывае на малыя супольнасьці; што правы чалавека з аднаго боку – гэта каштоўнасьці, ідэі, канцэпцыі, а з другога боку – гэта інстытуцыі, мэханізмы, якія мусяць сачыць за іх практычным выкананьнем. Таксама мы зьвярнулі ўвагу на тое, што нельга атаясамліваць правы чалавека з барацьбой усяго добрага супраць усяго кепскага. Пагаварылі пра тое, што правы чалавека не абавязкова даюцца нам ад нараджэньня, а набываюцца ў працэсе ўзаемадачыненьняў паміж дзяржавай і грамадзянскай супольнасьцю.
Наста Лойка:
– Мы шмат займаемся асьветніцкімі мерапрыемствамі па тэме правоў чалавека. Часта наведваем розныя гарады і ўжо другі раз прыяжджаем у Віцебск з навучальнай праграмай для пачаткоўцаў. Да нас прыходзяць людзі, якім цікава пачуць, што такое правы чалавека не акадэмічныя, а жывыя. І вельмі прыемна адчуць, што многім гэта цікава і неабходна. Спадзяюся, што ўдзельнікі сэмінару атрымалі шмат карыснай інфармацыі. Па іхных уражаньнях бачна, што дзякуючы сэмінару яны паглыбілі свае веды ў галіне правоў чалавека, даведаліся шмат новага, а нехта й перагледзеў свой погляд на правы чалавека.
Падчас нашых зносін мы імкнёмся зламаць звыклы стэрэатып: нібыта правы чалавека – нешта ўстоянае і натуральнае. Мы кажам, што гэта штучная канструкцыя, якая ўзьнікла ў пэўны гістарычны момант. І, сапраўды, заўжды трэба праяўляць досыць шмат намаганьняў, каб адстойваць свае правы і не дазваляць парушаць іх.
Сярод нашых слухачоў сёньня былі прадстаўнікі такіх грамадзкіх арганізацыяў, як «Хрысьціянскі саюз па працы зь дзецьмі і моладзьдзю», быў сябра арганізацыі, якая працуе з інвалідамі, – то бок людзі, якія ў сваёй штодзённай дзейнасьці шчыльна кантактуюць з прадстаўнікамі нейкіх меншасьцяў, якіх дыскрымінуюць, правы якіх парушаюць.
Сёньняшнія нашы заняткі – гэта першая прыступка ў працэсе прававой адукацыі, але прадугледжваецца яе працяг. Далей можна трапіць на некалькі дзён на сэмінар, які вядзе вядомы расейскі праваабаронца Андрэй Юраў. Ёсьць таксама вялікая школа, унівэрсальны курс, які працягваецца шмат дзён, – для тых, хто ўжо канкрэтна працуе ў галіне правоў чалавека. Інакш кажучы, гэта шматузроўневая школа, зь вялікай, разгалінаванай праграмай.
https://vitebskspring.org/news/pravaabaroncy/item/391-u-vitsebsku-pravam-chalaveka-vuchyli-na-paltsakh#sigProIdb96210341f