Эпізод тычыўся адміністрацыйнай справы, распачатай супраць віцебскага таксіста Алега Стральца, якога вінавацілі ў абразе ўчастковага міліцыянта Мечыслаўскага (арт 23.5 КаАП). Віцяблянін нібыта назваў па тэлефоне ўчастковага “петушарай”, а потым сам прыехаў у апорны пункт паглядзець, зь кім жа размаўляў (і быў неадкладна прыкаваны кайданкамі да батарэі). Судзьдзя Будрэвіч аштрафаваў тады Стральца на 24 базавыя велічыні, хоць ніякіх доказаў абразы (запісу тэлефоннай размовы) ня меў.
Даючы тлумачэньні ў судзе, маёр міліцыі Мечыслаўскі казаў, што да гэтага ў ягонай практыцы былі два аналягічныя выпадкі, “але людзі праяўлялі больш разважлівасьці і не зьяўляліся самі ў міліцыю”.
“Трэба быць прыдуркаватым (“полоумным” – на мове арыгіналу - ВВ). Грамадзянін Стралец, у адрозьненьне ад разумных людзей, зьявіўся ў міліцыі”, – цытуе Левінаў выказваньне міліцыянта ў судзе.
“Судзьдзя суду Кастрычніцкага раёну г. Віцебску Сяргей Будрэвіч праігнараваў факт таго, як маёр міліцыі Мечыслаўскі публічна і наўмысна ў непрыстойнай форме зьняважыў гонар і годнасьць грамадзяніна Стральца”, – тлумачыць праваабаронца і просіць даць прававую ацэнку бязьдзейнасьці судзьдзі ў гэтай сытуацыі.
Адказ на свой зварот Левінаў атрымаў ад старшыні Віцебскага абласнога суду Мікалая Хамічонка. Той паведамляе, што была праведзеная службовая праверка, але “дадзеных аб выкарыстаньні пацярпелым інспэктарам Мечыслаўскім фразаў і выразаў, якія б зьневажалі гонар і годнасьць Стральца, не ўстаноўлена”.
“Падставаў для прыняцьця мераў рэагаваньня да судзьдзі Будрэвіча ня маецца. Між тым, судзьдзі прапанавана сваімі дзеяньнямі ў судовым паседжаньні падтрымліваць атмасфэру добразычлівасьці, настройваць удзельнікаў працэсу на паважлівы тон пры выкладаньні тлумачэньняў альбо паказаньняў”, – гаворыцца ў адказе з абласнога суду.
Зьміцер Міраш