Серада, 05 Снежань 2018

У Віцебску прайшоў абласны сход руху «За свабоду»

Ацаніць гэты матэрыял
(22 галасоў)

На сустрэчу, што адбылася 2 сьнежня ў «Эўрапейскім клюбе» на Сеньненскай, прыехалі дэлегаты з розных куткоў Віцебскай вобласьці – з Шуміліна, Воршы, Езярышча і іншых населеных пунктаў. Усяго сабралася каля 30-ці удзельнікаў. Зь Менску прыехалі вядомыя на ўсю краіну рухаўцы – Юрась Губарэвіч, Алесь Міхалевіч і Віктар Янчурэвіч.

На парадку дня значылася некалькі важных пытаньняў: дыскусія аб праграме, якую распрацоўваюць актывісты руху сумесна з экспэртамі ў розных сфэрах дзейнасьці; абмеркаваньне будучых палітычных кампаніяў – прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў 2020 году; выбары мясцовага каардынатара грамадзкага аб'яднаньня. Таксама неабходна было абраць дэлегатаў ад вобласьці на справаздачна-выбарную канфэрэнцыю, якая адбудзецца ў Менску 15 сьнежня.

Пачаўся сход з прамовы Юрася Губарэвіча, лідэра руху. За 30 хвілін выступу ён пасьпеў распавесьці пра стаўленьне эўрапейскіх палітыкаў да беларускіх уладаў і пра кантакты паміж імі на самым высокім узроўні; ахарактарызаваць сытуацыю, у якой знаходзяцца прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасьці; ацаніць розныя эканамічныя праблемы (беспрацоўе, неабходнасьць прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, міграцыя насельніцтва).

Апісваючы цяперашняе палітычнае становішча ў краіне, спадар Юрась адзначыў:

– На сёньня ў Беларусі найбольш папулярны палітык – гэта не Аляксандар Лукашэнка, па зразумелых прычынах. Нават ня маючы сацыялёгіі незалежнай, мы ўсё адно гэта ведаем. Мы гэта адчуваем, камунікуючы зь людзьмі. А прозьвішча найбольш папулярнага палітыка – гэта Ўладзімер Пуцін. На жаль, гэта так. І гэта ня толькі для ўсходніх абласьцей, гэта і для заходніх. Гэта для людзей, якія сядзяць перад экранамі расейскага тэлебачаньня.


Юрась Губарэвіч

У працяг сваёй думкі палітык выказаў асьцярогу:

– У выпадку, калі тут будуць разьвівацца нейкія больш жорсткія сцэнары, калі тут рэальна будзе рэалізаваная спроба анэксіі – адкрытай або паўзучай – празь перахоп нейкіх пазыцыяў ва ўладных структурах і гэтак далей, то моцнага супраціву з боку сёньняшняй чыноўніцкай сыстэмы яны не сустрэнуць. Бо, на жаль, большасьць гэтых чыноўнікаў на месцах і тым больш прадстаўнікоў сілавога апарату, людзей зь беларускага войска, КДБ, міліцыі – яны так ці інакш завязаныя на Расею. Шмат хто там атрымліваў адукацыю, мае там сяброў, знаёмых. Можа быць, проста хтось зь іх завэрбаваны, як гэта паказала сытуацыя ва Ўкраіне.

Затым слова ўзяў Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году. Пасьля той электаральнай кампаніі ён упершыню прыехаў у Віцебск. Паводле яго словаў, ён меркаваў адразу пасьля выбараў праехаць па ўсіх буйных гарадох Беларусі, але тым плянам не наканавана было спраўдзіцца – у дзень выбараў ён разам зь іншымі кандыдатамі быў арыштаваны, і супраць яго распачалі крымінальную справу за нібыта арганізацыю масавых беспарадкаў.


Алесь Міхалевіч

У сваёй прамове Алесь прыгадаў асноўныя падзеі тых дзён – сваю выбарчую кампанію, арышт, катаваньні ў ізалятары, падпісаньне паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, вымушаную эміграцыю. Успамінаючы праведзеныя ў зьняволеньні дні, ён сказаў:

– Кожнага з нас у турме ламалі. Мяне ламалі ў тым ліку фізычна. Бо мае заявы пра катаваньні – гэта чыстая праўда. І праверка па маёй заяве аб катаваньнях у сьледчым ізалятары была засакрэчаная. Мне была афіцыйная адпіска, што факты не пацьвердзіліся. Што мяне заўсёды радуе: бо калі яны факты, то як яны могуць не пацьвердзіцца?

З прэзэнтацыяй праграмы, што распрацоўваецца сумесна актывістамі і экспэртамі, выступіў Віктар Янчурэвіч.


Віктар Янчурэвіч

На цяперашні момант у праграме закранаецца 8 асноўных тэмаў – адукацыя, мэдыцына, мясцовае самакіраваньне, армія, парлямэнцкая рэспубліка, эўрапейскі вэктар разьвіцьця, судовая сыстэма, рынкавая эканоміка. Кожны сябра руху можа ўзяць удзел у абмеркаваньні заяўленых тэмаў – выказаць свае заўвагі, унесьці дапаўненьні, мо прапанаваць сваю тэму, якая на яго погляд незаслужана засталася не заўважанай распрацоўшчыкамі. У далейшым мяркуецца дапрацоўваць і пашыраць праграму.

На сходзе каардынатар руху па Віцебскай вобласьці Леанід Гаравы заявіў, што з-за шэрагу прычынаў больш ня можа заставацца кіраўніком арганізацыі ў рэгіёне і прапанаваў абраць новага.


Леанід Гаравы

Пасьля доўгіх дэбатаў па працэдуры выбараў новага кіраўніка ўдзельнікі так і не прыйшлі да агульнага меркаваньня. І было вырашана адкласьці выбары абласнога каардынатара на пазьнейшы час. Затое віцебскія актывісты хутка змаглі вызначыцца з каардынатарам па горадзе: набраўшы 7 галасоў з 10-ці, ім стаў Уладзімер Сіманковіч.

Акрамя гэтага, па выніках сходу шляхам адкрытага галасаваньня на справаздачна-выбарную канфэрэнцыю ад Віцебскай вобласьці было адабрана 17 дэлегатаў. Усе тыя, хто выказаў жаданьне паехаць у Менск, і сталі дэлегатамі.

Уладзімер Бяляўскі