Адказу на прапанову ад мясцовых уладаў палачане пакуль не атрымалі. Затое прыйшоў адказ ад галоўнай рэдактаркі «Полацкага весніка» Сьвятланы Чаркоўскай: «Тэкст дэклярацыі не адаптаваны для публікацыі ў раённай газэце», – патлумачыла яна. Зрэшты, паабяцала, што тэма Міжнароднага дня правоў чалавека ўсё-ткі знойдзе адлюстраваньне на старонках выданьня – «у зацемцы пазаштатнага аўтара "Гісторыя і традыцыі"».
У сваім звароце ў Полацкі райвыканкам грамадзяне адзначылі, што мясцовымі ўладамі прыняты дакумэнт пад назвай «Пашпарт тэрытарыяльна-арыентаванага разьвіцьця Полацкага раёну». У гэтым дакумэнце ўлады згадваюць свае забавязаньні ў галіне правоў чалавека: «Захаваньне правоў чалавека зьяўляецца асновай любога дэмакратычнага грамадзтва і прававой дзяржавы... У сваёй дзейнасьці Мясцовая ініцыятыўная група, таксама як і яе партнэры, будуць арыентавацца ў тым ліку і на міжнародныя нормы, стандарты і прынцыпы правоў чалавека», – сказана ў пашпарце тэрытарыяльна-арыентаванага разьвіцьця.
Дзеля рэалізацыі прынятых плянаў разьвіцьця рэгіёну ўлады запытваюць фінансавыя сродкі ад Эўрапейскага зьвязу. Аднак, як адзначаюць аўтары звароту ў выканкам, правы чалавека ў рэгіёне не выконваюцца. Сьведчаньне гэтаму – забарона з боку ўладаў на правядзеньне грамадзянскімі актывістамі пікетаў і мітынгаў і прыцягненьне іх арганізатараў да адміністрацыйнай адказнасьці. Запытваць рэсурсы на разьвіцьцё рэгіёну і пры гэтым парушаць правы грамадзян на выказваньне думкі і правядзеньне сходаў ёсьць махлярствам, – мяркуюць жыхары Полацку.
Апроч прапановы апублікаваць к 10 сьнежня Ўсеагульную дэклярацыю правоў чалавека ў раённай газэце, палачане таксама папрасілі чыноўнікаў райвыканкаму забясьпечыць жыхарам гораду Полацку выкананьне пералічаных у дэклярацыі правоў. Ці прыслухаюцца службоўцы райвыканкаму да гэтай просьбы, пакажа найбліжэйшая будучыня. Тым часам, што тычыцца газэты «Полацкі веснік», у апошнім яе нумары пра дэклярацыю правоў чалавека няма ані слова.
Аляксандар Марозаў