У заяве на імя пракурора Віцебскай вобласьці Вадзіма Сушчынскага грамадзкі прававы інспэктар Беларускага прафсаюзу РЭП і выкладчык – так спадар Місьнікаў называе сябе ў гэтым дакумэнце – папрасіў даць яму поўную і верагодную інфармацыю пра зьвесткі, якія даюць падставу меркаваць пра неданясеньне ім пра зьдзейсьненае злачынства. З аналягічнай заявай праваабаронца зьвярнуўся таксама да начальніка УСК па горадзе Менску Дзьмітрыя Канапляніка.
Распавядае Валер Місьнікаў: «Я быў запрошаны ў аддзел Упраўленьня Сьледчага камітэту для дачы паказаньняў у якасьці сьведкі. Гэты факт мяне, вядома, зьдзівіў, паколькі інфармацыяй пра фінансавую дзейнасьць прафсаюзу я не валодаў і не валодаю. Таму рашэньне, якое было прынятае старшым сьледчым Сьледчага ўпраўленьня па горадзе Менску А.А. Краўсам для мяне выявілася загадкай і досыць незразумелым, нягледзячы на тое, што я маю прававыя веды. Ад спрыяньня сьледзтву я не адмаўляўся. Наадварот, актыўна ўзяў удзел, і спадзяваўся, што гэта дапаможа і сьледзтву, і, найгалоўнейшае, дапаможа прафсаюзу».
Паводле праваабаронцы, пытаньні, якія яму задавалі ў сьледчым камітэце, насілі, па-сутнасьці, правакацыйны характар. Бо ад яго хацелі атрымаць нейкую інфармацыю. Але ж калі б ён сапраўды валодаў такой інфармацыяй, то выходзіла б, што працяглы час ён ведаў, але не паведаміў пра злачынства і хаваў злачынную дзейнасьць кіраўніцтва прафсаюзу.
Падазрэньне яго ў неданясеньні пра зьдзейсьненае злачынства Валер Місьнікаў назваў супрацьзаконным дзівацтвам сьледчага Краўса, на даручэньне якога ён быў дапытаны як сьведка. Такім чынам, паводле спадара Місьнікава, было парушанае ягонае права на прэзумпцыю добрапрыстойнасьці, прыніжаныя яго гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя як грамадзкага прававога інспэктара прафсаюзу. Больш таго, сам выклік у Сьледчы камітэт і неабходнасьць даваць паказаньні ён назваў псыхічным і маральным гвалтам, а «мэтад здабываньня інфармацыі (зьвестак) у сьведкі супастаўляльны з прымусам да даваньня паказаньняў (арт. 394 КК) і з фальсыфікацыяй (фабрыкацыяй) доказаў (арт. 395 КК)».
У згаданых заявах віцебскі праваабаронца адзначыў: «Інфармацыю пра падставу... меркаваць, што мне вядомыя акалічнасьці па крымінальнай справе... мне не далі». Але ж каб нехта быў прызнаны сьведкам, у сьледзтва такая падстава павінна быць, згодна з артыкулам 60 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, цытату зь якога ў сваіх заявах падае Валер Місьнікаў. Таму ён папрасіў начальніка Ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менску даць прававую ацэнку дзеяньням свайго падначаленага, а пракурора Віцебскай вобласьці зрабіць захады пракурорскага рэагаваньня.
Апроч таго, заяўнік папрасіў кіраўнікоў ведамстваў, да якіх вымушаны быў зьвярнуцца, «зрабіць захады для рэалізацыі мною гарантаванага права на атрыманьне дакладнай інфармацыі пра дзейнасьць дзяржаўнага органа ў асобе старшага сьледчага А.А.Краўса» і паставіў перад імі шэраг пытаньняў. Вось гэтыя пытаньні:
- На якой аб'ектыўнай і прававой падставе я быў падвергнуты маральнаму і псыхічнаму гвалту?
- На якой падставе ён мяркуе, што я маю зьвесткі пра нявыплату падатку прафсаюзам РЭП?
- На падставе якіх верагодных дадзеных орган мяркуе, што я зьдзяйсьняю дзеяньні ў выглядзе неданясеньня пра злачынства?
- На падставе якіх верагодных дадзеных орган мяркуе, што я зьдзяйсьняю дзеяньні ў выглядзе хаваньня злачынства?
- На падставе якіх верагодных дадзеных орган падазрае мяне ў нядобрапрыстойнасьці і ў законанепаслухмянасьці?
- Якія верагодныя дадзеныя дазволілі органу прынізіць мой гонар і годнасьць, адмяніць дзеяньне прэзумпцыі добрапрыстойнасьці?
- Якой неабходнасьцю выкліканае парушэньне правоў (прыніжэньне, адмена) і законных інтарэсаў добрапрыстойнага і законапаслухмянага сябра Беларускага прафсаюзу РЭП?
- На падставе якога закону зьдзейсьненае парушэньне?
- Ці падпадаюць дзеяньні і рашэньне старшага сьледчага А.А. Краўса пад дзеяньне артыкулаў 190 (парушэньне раўнапраўя грамадзян) і 424 (злоўжываньне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі) КК РБ?
Валер Місьнікаў спадзяецца, што ягоныя звароты могуць паслужыць добрым прыкладам і ўзорам для іншых сябраў прафсаюзу, калі іх, як і яго, будуць падазраваць у «нядобрапрыстойнасьці»: «Мяркую, што мае заявы дапамогуць прафсаюзу РЭП і ўсім сябрам прафсаюзу быць незаплямленымі гэткімі непрафэсійнымі і нізкамаральнымі якасьцямі, якія прыпісваюцца прафсаюзу».
Тым часам расьсьледаваньне па крымінальнай справе, распачатае у жніўні 2017 году ў дачыненьні да старшыні прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і прафсаюзнага бухгальтара Ігара Комліка, працягнутае і, як паведаміў апошні, «абсалютна невядома, калі скончыцца»; паводле яго словаў, па ўсёй Беларусі ўжо дапытана каля двухсот чалавек. Прафсаюзных кіраўнікоў падазраюць ва ўхіленьні ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Паводле часткі 2 артыкулу 243 КК ім пагражае да сямі гадоў зьняволеньня.
Ужо пасьля таго, як спадар Місьнікаў накіраваў адрасатам свае заявы, стала вядома, што зьмяніўся склад сьледчай групы, якая займаецца справай.
А пакуль гэты матэрыял рыхтаваўся да публікацыі, прыйшоў першы адказ на адну з заяваў. Зрэшты, паўнавартасным адказам назваць яго цяжка. Першы намесьнік пракурора Віцебскай вобласьці А. Сідаровіч паведаміў, што зварот праваабаронцы перанакіраваны «для арганізацыі разгляду» пракурору гораду Менску.
Кастусь Дзьвінскі