Знайшлося месца ў кнізе і расповедам грамадзкіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, якія падчас веснавых падзеяў апынуліся за кратамі, пра ўмовы знаходжаньня ў няволі. Іх гісторыі публікаваліся цягам некалькіх месяцаў у цыкле артыкулаў «Я і ІЧУ. Асабісты погляд» на сайце «Віцебская вясна», цяпер яны сабраныя ўсе разам пад адной вокладкай. Побач з гэтымі гісторыямі ўкладальнікі «Шэрай кнігі» зьмясьцілі ў яе і матэрыял «Маніторынг умоваў майго ўтрыманьня ў ІЧУ пры УУС Віцебскага аблвыканкаму», напісаны пасьля 15-дзённай адседкі праваабаронцам Паўлам Левінавым.
«Шэрая кніга. Віцебская вясна – 2017» стала ўжо пятым падобным выданьнем, выдадзеным праваабаронцамі. Пачынаючы з 2012 году, яны публікавалі ў ранейшых «Шэрых кнігах» хроніку парушэньня правоў чалавека ў Віцебскім рэгіёне, у якіх засяроджваліся на шырокім спэктры як грамадзянскіх і палітычных правоў, гэтак і сацыяльных, эканамічных, культурных. Выпуск, прысьвечаны вузкай тэме – масавым мірным сходам і рэпрэсіям за ўдзел іх, – выдадзены віцебскімі праваабаронцамі ўпершыню.
Кастусь Дзьвінскі