Грамадзкія абмеркаваньні справаздач пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе згаданых праектаў мусілі праводзіцца з 26 траўня па 26 чэрвеня 2017 году. Інфармацыя пра гэта друкавалася ў мясцовай газэце 26 траўня, дзе паведамлялася, што са справаздачай змогуць азнаёміцца ўсе ахвотныя.
27 траўня праваабаронца Юры Бельскі зьвярнуўся ў аддзел будаўніцтва і архітэктуры Полацкага райвыканкаму, каб азнаёміцца са справаздачамі наконт будаўніцтва кароўніка каля вёскі Заскаркі і наконт транспартнай інфраструктуры ў Полацку. Аднак такой інфармацыі чыноўнікі даць не змаглі.
Юры Бельскі распавёў карэспандэнту «Віцебскай вясны», што ён накіраваў скаргу ў Полацкую пракуратуру і пакінуў адпаведны запіс у Кнізе заўвагаў райвыканкаму, адзначыўшы: «Мяркую, што грамадзкія абмеркаваньні не праводзіліся...». У адказ на скаргу праваабаронца атрымаў дакумэнты (пратаколы), у якіх чыноўнікі прызнаюцца ў парушэньні заканадаўства, пагадзіўшыся «лічыць несапраўднымі» грамадзкія абмеркаваньні пра ацэнку ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе будаўніцтва кароўніка і гарадзкой інфраструктуры.
На патрабаваньне праваабаронцы гарадзкія ўлады стварылі на сваім сайце адмысловы разьдзел «Грамадзкае абмеркаваньне», каб грамадзяне маглі хутка знаходзіць інфармацыю пра абмеркаваньне грамадзка важных праектаў, як патрабуе заканадаўства. Зараз у гэтым разьдзеле пазначана, што грамадзкія абмеркаваньні ўсё ж такі адбыліся – 1 жніўня, а не 26 чэрвеня, як мусілі.
З тэкстаў пратаколаў відаць, што чыноўнікі нават не чытаюць дакумэнтаў, якія падпісваюць. Выканаўца, які рыхтаваў пратаколы, карыстаецца капіяваньнем. Зьмяніўшы шапку ў дакумэнце, ён забыўся памяняць тэкст самога дакумэнту. У адным з пратаколаў у шапцы гаворыцца пра грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва кароўнікаў, а ў тэксьце таго самага дакумэнту – ужо пра праект транспартнай інфраструктуры.
Пратаколы падпісалі гарадзкія чыноўнікі:
- Намесьнік старшыні Полацкага райвыканкаму А. М. Міхалевіч;
- В.а. начальніка аддзелу архітэктуры і будаўніцтва Г. У. Калужонак;
- Начальнік Наваполацкай гаррайінспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя У. Д. Куксёнак;
- Галоўны санітарны ўрач г. Полацку і Полацкага раёну М. Я. Гурыновіч;
- Дырэктар філіялу «Вясна-энэрга» РУП «Віцебскэнэрга» С. В. Фамін.
Аляксандар Марозаў