У скарзе ў суд Зьміцер прасіў, каб судзьдзя адмяніў няпраўнае, на яго думку, рашэньне мясцовых уладаў ад 9 верасьня 2011 году і абавязаў гарвыканкам Наваполацку вынесьці новае рашэньне, якое адпавядае міжнародным забавязаньням Рэспублікі Беларусь. Для абгрунтаваньня свайго патрабаваньня Зьміцер прасіў далучыць да справы адмову ўладаў Наваполацку правесьці яму пікет ў 2014 годзе, бо Зьміцер не аплаціў паслугі ЖКГ, міліцыі і мэдычных работнікаў. Таксама доказамі патрабаваньняў грамадзяніна служылі Кіруючыя прынцыпы аб рэгуляваньні свабоды мірных сходаў, прынятыя Арганізацыяй па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе.
Прадстаўніца Наваполацкага гарвыканкаму ў судзе Сьвятлана Сталярова заявіла хадайніцтва аб спыненьні справы за непадведамаснасьцю суду. Пасьля гэтага судзьдзя выйшла ў дарадчы пакой для прыняцьця рашэньня. Па завяршэньні дваццаці хвілін перапынку судзьдзя Алена Верташонак вынесла пастанову пра непадведамаснасьць суду патрабаваньняў грамадзяніна Салаўёва, як і прасіла супрацоўніца гарвыканкаму. Спасылаючыся на нормы беларускага заканадаўства, судзьдзя заявіла, што такога кшталту патрабаваньні грамадзян да мясцовай улады павінна разглядаць пракуратура.
Зьміцер Салаўёў паведаміў, што мае намер абскардзіць неправамерную пастанову судзьдзі Верташонак ў абласны суд. Для падрыхтоўкі абгрунтаванага абскарджаньня адмовы суду ў Зьмітра ёсьць дзесяць дзён. Рашэньне суду мае вялікае значэньне для грамадзкасьці, таму ў залі суду прысутнічалі актывісты мясцовых грамадзкіх арганізацыяў. Правядзеньне мірных сходаў зьяўляецца часткай працы гэтых арганізацыяў. У перапынку судовага паседжаньня актывісты разважалі пра тое, наколькі важна для грамадзкасьці мець прававы і даступны для ўсіх парадак арганізацыі мірных сходаў у горадзе.
Аляксандар Марозаў