Серада, 26 Красавік 2017

Пляны ясныя, задачы пастаўленыя. За работу, таварышы праваабаронцы!

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У сакавіку 2017 году віцебская кааліцыя праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў завяршыла мерапрыемствы па стратэгічным плянаваньні сваёй дзейнасьці да 2020 году. Праваабаронцы распрацавалі і прынялі ў якасьці кіравальнага дакумэнту Стратэгічны плян дзеяньняў і разьвіцьця праваабарончага сэктару Віцебскай вобласьці.

Кансультацыі і сустрэчы праваабаронцы праводзілі цягам шасьці месяцаў, пачынаючы зь верасьня 2016 году. Падчас гэтых мерапрыемстваў быў прааналізаваны агульны стан з правамі чалавека ў рэгіёне, выяўленыя найбольш характэрныя для Віцебшчыны праблемы ў галіне парушэньняў грамадзянскіх і палітычных правоў, распрацаваны плян супольных дзеяньняў праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў Віцебскага рэгіёну на чатыры гады. Што канкрэтна запланавалі рабіць праваабаронцы для абароны фундамэнтальных правоў і свабодаў, распавёў праваабаронца Леанід Сьвецік.

– На думку праваабаронцаў, правам, якое найчасьцей парушаецца ўладамі апошнімі гадамі, ёсьць права грамадзян на мірныя сходы. Прынятыя мясцовымі ўладамі падзаконныя акты заблякавалі магчымасьць правядзеньня грамадзянамі пікетаваньняў, мітынгаў і шэсьцяў. За апошнія 10 гадоў грамадскія актывісты і апазыцыйныя структуры атрымлівалі ад мясцовых органаў улады забароны на правядзеньне масавых мерапрыемстваў. І гэтыя забароны не адзінкавыя. Лік ідзе на сотні ў год! Таму перад праваабаронцамі стаіць задача патрабаваць ад мясцовых уладаў унесьці зьмены ў мясцовыя нарматыўна-прававыя акты, каб усе ахвотныя маглі рэалізаваць сваё права на правядзеньне масавых мерапрыемстваў.

Ёсьць у праваабаронцаў прэтэнзіі да ўладаў таксама наконт рэалізацыі свабоды на распаўсюд інфармацыі і датычна дыскрымінацыі грамадзян па моўнай прыкмеце і па прыкмеце сяброўства грамадзян у апазыцыйных палітычных арганізацыях. Апошнім часам на пярэдні фронт выходзяць сацыяльныя і эканамічныя правы. Падзеі, зьвязаныя з дэкрэтам №3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства», глыбока занепакоілі праваабаронцаў. Прыняўшы гэты дэкрэт, улады папросту вырашылі перакінуць свае пралікі ў галіне працоўнага права на плечы грамадзян. Палажэньні гэтага дакумэнту пры практычным прымяненьні зацьвярджаюць прымусовую працу, што ёсьць парушэньнем правоў грамадзян і міжнародных забавязаньняў Беларусі. Таму перад праваабаронцамі стала актуальнай задача па актыўных мірных захадах дзеля зьмены палажэньняў дэкрэту №3.

Напрыканцы хачу сказаць, што найбліжэйшымі чатырма гадамі актывісты праваабарончых арганізацыяў і ініцыятываў Віцебшчыны мусяць шмат працаваць, абараняючы правы і свабоды грамадзян. Пляны для актывістаў-праваабаронцаў ясныя, задачы канкрэтныя – цяпер трэба рупліва працаваць дзеля ўвасабленьня сваіх задумак у жыцьцё.

Лявон Яфрэменка