Прычынай новай успышкі актыўнасьці доктара стала нядаўняе вызваленьне сп. Косінца ад пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта краіны, якую ён узначальваў са сьнежня 2014 году.
У апошніх заявах Пастноў зноў даносіць праваахоўнікам інфармацыю пра рашэньні, прынятыя А. Косінцам, калі ён знаходзіўся на пасадзе старшыні аблвыканкаму, якія, на думку Ігара Аляксеевіча, нанесьлі шкоду эканамічным інтарэсам дзяржавы.
І, як ня дзіўна, гэтым разам доктар-праўдаруб быў пачуты. Праўда, сьпярша міліцэйскія начальнікі папярэдзілі заяўніка аб крымінальнай адказнасьці за загадзя фальшывы данос. Але ўсё ж, нечакана для самога доктара і віцебскай грамадзкасьці, справа зрушылася зь мёртвага пункту. На пачатку лютага бягучага году з Пастновым пагутарыў опэрупаўнаважаны аддзяленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі аддзелу міліцыі Першамайскага раёну Віцебска В. Собаль.
У сваіх тлумачэньнях даўні і непрымірымы апанэнт вядомага чыноўніка вышэйшага рангу, цяпер адстаўнога, агучыў шэраг агульнавядомых фактаў няўдалых эканамічных рашэньняў былога губэрнатара. У прыватнасьці, Ігар Пастноў нагадаў сьледчаму аб правальнай мадэрнізацыі прадпрыемства «Віцебскдрэў».
Пакуль невядома, ці будзе заведзеная па заяве доктара-праўдаруба крымінальная справа. Але той факт, што заяўнік быў фармальна апытаны работнікам АБЭЗ, кажа сам за сябе. Можна зрабіць выснову, што Аляксандар Косінец страціў свой статус недатыкальнага ўладнага «жыхара неба», стаў уразьлівым, і магчымасьць крымінальнага перасьледу ў дачыненьні да яго становіцца цалкам імавернай падзеяй.
Лявон Яфрэменка