Аўторак, 31 Май 2016

Віцебскія праваабаронцы вывучылі нарвэскі досьвед працы з уцекачамі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Прыканцы красавіка віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў і Леанід Сьвецік пабывалі ў сталіцы Нарвэгіі горадзе Осьлё з працоўным візытам. Запрашалым бокам выступіла праваабарончая арганізацыя «Нарвэскі Хэльсынскі камітэт». Мэта візыту – азнаямленьне з досьведам работы дзяржаўных органаў і няўрадавых арганізацыяў па прыёме, адаптацыі і інтэграцыі замежных грамадзян, якія папрасілі прытулак у Нарвэгіі.

Цягам двух дзён візыту беларускія актывісты праваабарончага руху пабывалі ў двух лягерах для ўцекачоў, сустрэліся з чыноўнікамі Міністэрства юстыцыі Нарвэгіі і Дырэктарата па справах уцекачоў. Супрацоўнікі гэтых дзяржаўных органаў грунтоўна распавялі пра дзейнае заканадаўства, якое рэгулюе знаходжаньне іншаземцаў у Нарвэгіі. Віцебскія праваабаронцы атрымалі вычарпальную інфармацыю пра сытуацыю з уцекачамі і дзеяньні, якія робяцця ўладамі, каб у дачыненьні да кожнага замежніка былі ўжытыя ўсе неабходныя працэдуры, прадугледжаныя законам.

У 2015 годзе колькасьць уцекачоў, прынятых Нарвэгіяй, узрасла больш як у тры разы, у выніку чаго ўраду давялося адшукваць дадаткова 1 мільярд эўра. Па гэтых лічбах можна ацаніць маштаб выдаткаў нарвэскай дзяржавы і грамадзтва на дапамогу замежнікам, якія шукаюць прыстанішча ў гэтай маленькай скандынаўскай краіне. Цікавы факт: летась толькі 17 беларускіх грамадзян (15 мужчын і 2 жанчыны) папрасілі прытулак у Нарвэгіі.

Дзейсную падтрымку дзяржаве ў працы з уцекачамі аказваюць няўрадавыя арганізацыі. Адна з такіх арганізацыяў, у офіс якой былі запрошаныя беларускія праваабаронцы, – Нарвэская арганізацыя абароны правоў уцекачоў. Гэтая арганізацыя аказвае інфармацыйную і юрыдычную дапамогу просьбітам прытулку. Штогод больш за восем тысяч замежнікаў карыстаюцца паслугамі, якія надаюцца работнікамі і валянтэрамі гэтай арганізацыі.

Праваабаронцы зь Віцебску пабывалі ў транзытным лягеры, у якім пражываюць мігранты, што чакаюць рашэньня наконт пытаньня даваньня ім прытулку, а таксама асобы, якім уладамі было адмоўлена ў праве пражываць у Нарвэгіі. Паколькі хадайніцтва пра даваньне прытулку можа разглядацца на працягу некалькі гадоў, то ў лягеры ёсьць усё неабходнае для пражываньня як дарослых, так і дзяцей. У лягеры маюцца сталоўка, добра абсталяваныя памяшканьні для адпачынку дарослых і дзяцей, душавыя пакоі, навучальныя клясы для вывучэньня нарвэскай мовы, цырульня, пральня, пункт аказаньня мэдычнай дапамогі. Насельнікі сочаць за парадкам і гігіенай ў бытавых памяшканьнях лягера.

Паколькі візыт праходзіў у дні, калі адзначаўся сумны юбілей 30-годзьдзя аварыі на Чарнобыльскай АЭС, то сумесна з нарвэскімі праваабаронцамі віцебчукі ўзялі ўдзел у дзьвюх акцыях, прысьвечаных гэтай журботнай даце. Гэта – міжнародная канфэрэнцыя, прысьвечаная чарнобыльскім падзеям, і мітынг ля муроў нарвэскага парлямэнту.

Дзелячыся сваімі ўражаньнямі ад візыту, віцебскія праваабаронцы выказалі шкадаваньне ў сувязі з тым, што супрацоўнікі беларускага Міністэрства ўнутраных спраў, якія былі афіцыйна запрошаныя Міністэрствам юстыцыі Нарвегіі, адмовіліся ад паездкі разам зь імі. Іх адмова лішні раз паказвае на тое, што беларускае сілавое ведамства пакуль не настроенае на цеснае і плённае супрацоўніцтва з прадстаўнікамі праваабарончай супольнасьці краіны.

Лявон Яфрэменка