Аднак справа разглядалася ў яго адсутнасьць. У рашэньні суду ня ўтрымліваецца дастатковага абгрунтаваньня немагчымасьці яго ўдзелу ў працэсе, пададзеная толькі фармальная падстава, прадугледжаная ч. 3 арт. 391 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу, якая дае магчымасьць разглядаць справы ў адсутнасьці грамадзяніна, - стан яго здароўя.
У сувязі з гэтым неабходна адзначыць, што ўдзел грамадзяніна пры разглядзе судом справы аб абмежаваньні яго правоў і свабод, калі ён можа прадстаўляць суду довады ў сваю абарону, зьяўляецца найважнейшай гарантыяй справядлівага судовага разбору. Асабліва гэта важна ў выпадках, калі судом разглядаецца пытаньне аб абмежаваньні свабоды грамадзяніна.
Нашу занепакоенасьць выклікае той факт, што да Ігара Пастнова прымусовая шпіталізацыя і лячэньне ўжытыя пасьля выказваньня ім крытыкі стану мэдыцыны ў Віцебскай вобласьці, згадкі пра парушэньне заканадаўства кіраўнікамі мэдычных устаноў. Больш таго, заява ў суд аб прымусовай шпіталізацыі пададзеная галоўным лекарам Віцебскага абласнога клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі, чые дзеяньні, у тым ліку, былі аб’ектам крытыкі Ігара Пастнова.
Згодна з ч. 1 артыкулу 392 ГПК, рашэньне суду аб прымусовай шпіталізацыі павінна быць матываваным, паколькі гаворка ідзе аб абмежаваньні базавых правоў і свабод чалавека. Аднак рашэньне суду ня ўтрымлівае ніякіх пераканаўчых абгрунтаваньняў неабходнасьці прымяненьня прымусовай шпіталізацыі. Згодна з ч. 2 артыкула 36 Закону «Аб аказаньні псыхіятрычнай дапамогі» рашэньне суду аб прымусовай шпіталізацыі і лячэньні выносіцца ў выпадку знаходжаньня асобы, якая пакутуе на псыхічнае захворваньне, і ўхіленьня яе ад лячэньня, у стане, які абумоўлівае:
- яе непасрэдную небясьпеку для сябе і (або) іншых асоб;
- яе бездапаможнасьць;
- магчымасьць прычыненьня істотнай шкоды свайму здароўю з прычыны пагаршэньня стану псыхічнага здароўя, калі такая асоба будзе пакінутая без псыхіятрычнай дапамогі.
Важнай умовай вынясеньня рашэньня аб прымусовай шпіталізацыі зьяўляецца ўхіленьне асобы ад лячэньня. Гэты факт павінен быць правераны судом з выклікам і допытам у судовым паседжаньні асоб, якія могуць пацьвердзіць факт ухіленьня грамадзяніна ад лячэньня. Як відаць з рашэньня суду, гэтага не было зроблена. У рашэньні не паказваецца, у чым менавіта заключаецца непасрэдная небясьпека Пастнова для сябе, чаму пакіданьне яго без мэдычнай дапамогі можа нанесьці істотную шкоду яго здароўю. Вырашэньне гэтых пытаньняў зьяўляецца важнай гарантыяй захаваньня правоў і свабод грамадзяніна пры правядзеньні працэдуры прымусовай шпіталізацыі.
Правядзеньне суду ў закрытым рэжыме без дастатковых на тое падстаў супярэчыць прынцыпу галоснасьці пры адпраўленьні правасудзьдзя і само па сабе зьяўляецца парушэньнем права на справядлівы суд. Відавочна, што парушэньне права Ігара Пастнова на справядлівае судовае разьбіральніцтва пацягнула парушэньне яго права на асабістую недатыкальнасьць. Такія дзеяньні, апроч усяго, зьяўляюцца парушэньнем гарантыі на свабоду меркаваньняў і іх свабоднае выказваньне.
Мы заклікаем кампэтэнтныя органы неадкладна вызваліць Ігара Пастнова з псыхіятрычнага стацыянару і перагледзець рашэньне аб яго прымусовай шпіталізацыі ў адкрытым працэсе з захаваньнем вызначаных працэдур і прынцыпаў справядлівага судовага разбору.
Паводле Праваабарончага цэнтру “Вясна”