Справу супраць Іванова прасіў узбудзіць старшыня суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Андрушэнка. На думку апошняга, Пётар Іваноў учыніў злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 361 (зьнявага судзьдзі), 369 (зьнявага прадстаўніка ўлады), 400 (загадзя фальшывы данос) Крымінальнага кодэксу.
Пачаткам усяму стала заява Іванова ў Сьледчы камітэт, у якой ён прасіў прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў праваахоўных органаў і судзьдзяў. У пастанове аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы паведамляюцца падрабязнасьці:
У сваёй заяве Іваноў П.Я. патлумачыў, што ў дачыненьні да яго быў праведзены адміністрацыйны працэс з парушэньнем закону. Пасьля чаго судом было прынятае незаконнае рашэньне. Пры гэтым Іваноў П.Я. у сваёй заяве выкарыстоўваў наступныя фразы:
«Заяўляю пра зьдзяйсьненьне службовых злачынстваў асобамі дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. Злачынца – начальнік аддзелу міжраённага ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкаму падпалкоўнік міліцыі Сьцяпанаў А.Е. (далей па тэксьце - Злачынца) і судзьдзя суду Першамайскага раёну г. Віцебску Кісьмярошкіна В.І. (далей па тэксьце - Злачынка)».
«Першым учыніў у дачыненьні да мяне гвалт нейкі член міліцэйскага атачэньня (далей па тэксьце – ЧМО) у цывільным адзеньні. Актыўным памагатым Злачынца, які ўжыў да мяне гвалт, таксама аказаўся безыменны адмарозак у пагонах маёра міліцыі (далей па тэксце – Упір)».
«У дадатак да злачынстваў, учыненых А. Сьцяпанавым і В. Кісьмярошкінай і з мэтай іх утойваньня, былі зьдзейсьненыя новыя службовыя злачынствы. Іх зьдзейсьнілі злачынца-судзьдзя Віцебскага абласнога суду Іванова С.П., якая вынесла заведама неправасудную пастанову ад 08.05.2013 па сфабрыкаванай справе аб адміністрацыйных правапарушэньнях, і злачынца-судзьдзя суду Першамайскага раёну г. Віцебску Карабліна Н.В., якая вынесла заведама неправасудную пастанову ад 20.05.2013 па сфабрыкаванай справе аб адміністрацыйным правапарушэньні».
Каб высьветліць, ці зьмяшчаюць тэксты Пятра Іванова зьнявагу судзьдзяў і прадстаўнікоў улады, сьледчы камітэт зьвярнуўся да экспэртаў. Для правядзеньня экспэртыз яго заявы і скаргі былі накіраваныя ў цэнтар дасьледаваньня беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук і ў Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Машэрава.
Пакуль вынікаў працы экспэртаў няма, а безь іх прыняць рашэньне аб узбуджэньні крымінальнай справы немагчыма, паведамілі Іванову ў сьледчым камітэце. Тым ня менш усё яшчэ можа зьмяніцца – Сьледчы камітэт пастанавіў: «Пры паступленьні вынікаў дасьледаваньня зьместу тэксту заяваў і прыватных скаргаў Іванова П.Я. зь некарэктнымі выказваньнямі ў адрас службовых асоб Рэспублікі Беларусь… далучыць іх да матэрыялу праверкі, пры выяўленьні іншых абставін таго, што адбылося, разгледзець пытаньне аб неабходнасьці адмены гэтага рашэньня і правядзеньні дадатковай праверкі».