Аўторак, 14 Студзень 2014

У Віцебскім ІЧУ памёр затрыманы за дробнае хуліганства

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пры правядзеньні маніторынгу месцаў прымусовага ўтрыманьня, прыватнай культурна-асьветніцкай установай «Платформ інавэйшан» выяўлены факт раптоўнай сьмерці адміністрацыйна-затрыманага за парушэньне артыкулу 17.1 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь пяцідзесяцігадовага грамадзяніна Кудзелкі Ігара Паўлавіча.

28 сьнежня 2013 году ён пасьля «п’янага» сямейнага скандалу быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі і зьмешчаны ў спэцыялізаваны ізалятар (выцьвярэзьнік). Перад зьмяшчэньнем у выцьвярэзьнік Ігар Кудзелка быў агледжаны мэдычнымі работнікамі, праблем са здароўем, акрамя стану алькагольнага ап’яненьня, у парушальніка выяўлена не было. Пасьля заканчэньня знаходжаньня ў выцьвярэзьніку Кудзелка паўторна быў агледжаны мэдыкамі, скаргаў на дрэннае самаадчуваньне ім не прад’яўлялася і, да разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэньні, ён быў пераведзены ў ІЧУ УУС Віцебскага аблвыканкаму.

Паводле зьвестак, атрыманых супрацоўнікамі маніторынгавай групы, 29 сьнежня 2013 году Ігар Кудзелка адчуў сябе кепска, яму была выкліканая брыгада «хуткай дапамогі». Да прыбыцьця «хуткай» затрыманаму аказвалася першая дапамога мэдычнымі работнікамі ІЧУ, аднак брыгада «хуткай дапамогі», якая прыбыла, канстатавала яго сьмерць.

У цяперашні час цела Ігара Кудзелкі знаходзіцца ў аддзяленьні судова-мэдычнай экспэртызы Віцебску. Бачных пашкоджаньняў і прыкмет гвалтоўнай сьмерці на целе памерлага ня знойдзена, прычыны сьмерці высьвятляюцца. Па факце сьмерці адміністрацыйна затрыманага Кудзелкі І.П. праводзіцца праверка.

Паводле зьвестак, атрыманых ад органаў МУС, Ігар Кудзелка неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці за парушэньне грамадзкага парадку, быў судзімы за незаконны абарот алькаголю і прычыненьне цяжкага цялеснага пашкоджаньня, стаяў на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Віцебскага РАУС. Загінулы працаваў мулярам на адным з прадпрыемстваў гораду.

«Без камэнтароў, зьвяртайцеся ў прэс-службу УУС Віцебскага аблвыканкаму», - пракамэнтаваў тое, што адбылося, начальнік ІЧУ Марозаў А.М. Зь невядомых прычын тэлефоны прэс-службы УУС Віцебскага аблвыканкаму аказаліся недаступныя. Начальнік прэс-службы МУС Рэспублікі Беларусь Канстанцін Шалькевіч таксама ня змог пракамэнтаваць здарэньне. Асаблівую зацікаўленасьць начальнік прэс-службы МУС праявіў да крыніцы атрыманьня інфармацыі пра тое, што адбылося ў ІЧУ Віцебскага аблвыканкаму.

platformarb.com