Змітра Казлова затрымалі 10 чэрвеня 2020 году разам з актывістамі «Еўрапейскай Беларусі». На наступны дзень яго арыштавалі на 20 сутак, але на волю ён не выйшаў. Супраць блогера завялі крымінальную справу па ч.1 арт. 342 ("Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх"). Суд прысудзіў яму пяць гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Спачатку блогер адбываў пакаранне ў магілёўскай турме № 4. Цяпер ліст, які атрымала знаёмая блогера Паліна Сцепаненка, прыйшоў з калоніі ў Бабруйску.
«Паколькі ў мяне няма блізкіх сваякоў, то цяпер ніхто ня можа мне аказаць ніякай дапамогі: ні перадач, ні грашовых пераводаў, ні тэлефанаванняў, ні спатканняў у мяне ня можа быць, - і я поўнасцю цяпер застаюся без падтрымкі», – піша зняволены блогер.
У лісце Шэры Кот піша, што атрымаў ліст Паліны Сцепаненкі ад 19 жніўня гэтага году ўжо ў Бабруйску напрыканцы верасня. Ён дзякуе ёй за падтрымку.
Паводле Паліны Сцепаненкі, ліст ад Змітра, які яна сёння атрымала ў Воршы, датаваны 6 кастрычніка.
«Доўгі час ад Змітра лістоў не было, і гэта першы ліст з калоніі ў Бабруйску. Я ведала, што павінен быў быць этап, але не ведала куды. Сёння атрымала ліст, і на ім уразіў знаёмы адрас на канверце: гэта тая самая калонія, дзе раней сядзеў Алесь Бяляцкі, а ў часы СССР – дысідэнт Міхаіл Кукабака», – кажа Паліна.
Паводле Паліны, блізкіх сваякоў у Змітра Казлова няма, яго бацькі памерлі.