«24 студзеня нечакана, без усялякіх прычынаў мяне выклікалі на камісію і паведамілі, што накіруюць справу ў суд на зьмяшчэньне мяне на тры гады ў турму. Напэўна, гэта будзе Гародня, таму адрас можа зьмяніцца», – пасьля двухмесячнага маўчаньня паведаміў віцебскім праваабаронцам палітвязень Міхаіл Жамчужны.

Адміністрацыя папраўчай калёніі №14 ў Навасадах, дзе адбывае пакараньне заснавальнік “Платформ інавэйшан” Міхаіл Жамчужны, прыняла рашэньне накіраваць у суд матэрыялы аб зьмене палітвязьню рэжыму ўтрыманьня на турэмны, тэрмінам на тры гады. Пра гэта палітвязень паведаміў у лісьце да праваабаронцы Тацяны Равяка, датаваным 26 студзеня.

12 студзеня на паседжаньні пад старшынствам Анатоля Карповіча судовая калегія па грамадзянскіх справах Менскага абласнога суду разгледзела касацыйную скаргу праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага, які адбывае пакараньне на неправамернае, зь яго пункту гледжаньня, спагнаньне з боку адміністрацыі калёніі і пастанавіла суду Барысаўскага раёну дадаткова апытаць Жамчужнага і сьведак абставінаў.

На 10:00 раніцы 12 студзеня прызначаны разгляд скаргі Міхаіла Жамчужнага ў касацыйным парадку ў Менскім абласным судзе паводле вынесенага спагнаньня за нібыта самавольнае перамяшчэньне па тэрыторыі калёніі. Пра гэта паведаміў сам палітвязень у лісьце да праваабаронцы Тацяны Равяка.

У аўторак, 29 лістапада, прызнаны беларускай праваабарончай супольнасьцю палітвязьнем Міхаіл Жамчужны быў заключаны ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) тэрмінам на тры месяцы. Фармальнай прычынай такога пакараньня сталі сьведчаньні зьняволеных пра нібыта ўжываньне Жамчужным ненарматыўнай лексыкі падчас абмеркаваньня тэленавінаў.