Пра гады, праведзеныя ў зняволенні, Мікалай Статкевіч піша так: “6 разоў запар каралі 6 месяцамі адзіночнай камэры - ёсьць на асобым рэжыме такі від пакарання з максімальным тэрмінам 6 месяцаў - камера памерамі 1x3 метры, з "прагулкамі" па паўгадзіны ў дзень у ненашмат большай амаль глухой металічнай скрыні пад металічным дахам са штучным асвятленнем нават днём. Цяжкавата гадамі не бачыць неба над сабой нават праз сетку. Ды яшчэ 1-2 разы штомесяц трапляць у ШІЗА, у якім я правёў агулам каля года. Такога там яшчэ не рабілі ні з кім. Дасведчаныя арыштанты казалі, што мяне "умертвляют, типа, по естественным причинам".
Згадвае ён і цяжкасі рэжыму інкамунікада: “Да таго ж, поўная адсутнасць звестак з волі пра блізкіх, а Марына тады цяжка і небяспечна хварэла, таксама моцна ціснула. Даходзіла да таго, што адзін з кіраўнікоў установы праз іншага арыштанта перадаваў мне "гуманную" прапанову: самому папрасіцца ў "крытую" турму, дзе ўмовы непараўнальна мякчэйшыя. Я рэзка адмовіўся, бо у гэтых месцах любая праява слабасці толькі правакавала б ўзмацненне ціску”.
Паводле Мікалая Статкевіча, ён прыклаў шмат высілкаў, каб падтрымліваць сябе ў максімальна добрай фізічнай форме: “Я супраціўляўся іх планам, імкнуўся захаваць сябе - шмат хадзіў нават па той камеры, рабіў хоць нейкія фізічныя практыкаванні, шмат чытаў літаратуры па філасофіі і сацыяльнай псіхалогіі, калі яшчэ выдавалі кнігі з бібліятэкі, спрабаваў вучаць англійскую, пакуль не сталі забіраць падручнікі, у ШІЗА прадумаў дастаткова вялікі тэкст, прысвечаны генезісу чалавечай маралі, выбару чалавекам мадэлі сваіх паводзін, маральнаму выбару асобы ў крытычнай сітуацыі. Потым нават зрабіў яго накіды на паперы, але яны зніклі ў нетрах КГБ, падчас спробы маёй незаконнай дэпартацыі. Цяпер прыйдзецца знайсці час і аднавіць гэты тэкст, бо не люблю незавершаных спраў. Так што, я захоўваў неблагую для такіх умоў і трох ковідаў форму. Прынамсі, на "рывок" на мяжы сіл хапіла. Але падчас адмовы ад дэпартацыі выдатна разумеў, што мяне на волю проста так не адпусцяць, і рыхтаваўся да горшага”.
“Горшым” стала найперш тое, што ен не атрымліваў неабходных лекаў, піша палітвязень: “Пасля другога ковіда ў Гомельскім СІЗА ўрачы прапісалі мне пэўныя лекі. Марына дасылала мне іх у калонію, з частымі перабоямі, але яны даходзілі і мне іх выдавалі. Гэта 3 гады было адзіным сродкам камунікацыі паміж намі. Бо, атрымаўшы медбандэроль, я ведаў, што Марына жывая. А яна адсочвала тыя бандэролі па коду і, калі іх забіралі з пошты, ведала тое ж. Але з верасня мінулага года маё месцазнаходжанне проста хавалі, таму, адпаведна, Марына не ведала, дзе я, у калоніі ёй казалі, што мяне там няма, і яе медбандэролі не прыходзілі. Мне сказалі, што будуць выдаваць свае "аналагі". Так, напрыклад, прафілактычны сродак ад тромбаўтварэння ў крыві "Ксарэлта" замянілі на аспірын. Потым, у турэмных бальніцах дактары дружна кпілі, чамусьці з мяне, з-за гэтай замены і казалі, што такая замена пры пасляковідных праблемах недапушчальная, што гэта яна і выклікала ў мяне інсульт. Такім чынам, у мяне ёсць усе падставы лічыць, што гэты інсульт быў справакаваны штучна і наўмысна”.
Мікалай Статкевіч лічыць, што яго жыццё і здароўе пасля інсульту выратавалі лекары: “Але ўрачы ў турэмных бальніцах, дзякуй ім, зрабілі ўсё, каб мінімізаваць яго наступствы. Ён не закрануў ніводнай з фізічных функцый майго арганізма, акрамя маўлення. Зараз я адчуваю сябе добра, ціск - пастаянныя для мяне 120/80. Зноў пачаў заняткі фізкультурай. Рэгулярна займаюся онлайн з лагапедам пані Юліяй - беларускай, якая жыве ў ЗША, і якой я вельмі ўдзячны за тое, што пасля цяжкога працоўнага дня яна знаходзіць час і сілы, каб дапамагаць мне. Маўленне паціху аднаўляецца, але патрэбен яшчэ час. Праўда, ўлада перыядычна падвышае мой эмацыйны тонус. Мабыць, каб паскорыць аднаўленне пасля інсульту”.
Мікола Статкевіч быў затрыманы ў траўні 2020 года. 14 снежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомелі асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачання ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанентаў улады. Пакаранне адбываў у калоніі ў Глыбокім, куды і быў вернуты пасля указа аб памілаванні без усялякіх юрыжычных і прававых падставаў.
Арцём Галавін