Жыхара Сянно Валерыя Мефодзіенку 21 какстрычніка пачалі судзіць за данаты - за "фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці" і «фінансванне тэрыстычнай дзейнасці" паводле арт. 361-2 і арт. 290-1 КК. Судовы працэс у Віцебскім абласным судзе праходзіць у закрытым рэжыме. Валерый Мефодзіенка зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, яго спецыялізацыя - тэхнічнае абслугоўванне і рамонт вылічальнай тэхнікі.
Жыхара Віцебска Яўгена Сцяпанава ўжо асудзілі паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні). Вырак Віцебскага абласнога суда невядомы, суд над ім пачаўся 17 верасня і таксама праходзіў у закрытым рэжыме. 18 кастрычніка імя і прозвішча асуджанага ўнеслі ў "экстрэмісцкі" спіс МУС.
Яўген Сцяпанаў мае сур'ёзныя праблемы са здароўем: у 2020 годзе ен перанес інсульт, пасля якога займеў цяжкасці з маўленнем. Праз гэта Яўген Сцяпанаў страціў магчымасць працаваць па прафесіі – ён скончыў універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура», праводзіў вяселлі, канцэрты, іншыя ўрачыстыя і забаўляльныя мерапрыемствы. Другі інсульт, як сведчаць абазнаныя крыніцы, здарыўся ў яго ўжо за кратамі.
Пад пільную ўвагу з боку сілавых структур Сцяпанаў трапіў у 2022 г., калі пачаў пісаць антываенныя звароты ў розныя ў дзяржаўныя інстанцыі, патрабуючы паспрыяць спыненню расійскай вайсковай агрэсіі на тэрыторыі Украіны.
Віцяблянін Аляксандр Якушкоў быў затрыманы селета 9 верасня. Адразу па затрыманні яго адвезлі ў Мінск і цяпер утрымліваюць у СІЗА-1. Яго вінавацяць паводле арт. 361-1 КК (удзел у экстрэмісцкім фармаванні).
Аляксандр Якушкоў – вайсковы пенсіянер, падпалкоўнік запасу, які служыў у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня і працаваў выкладчыкам вайсковай вучэльні. Падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020г. ён быў затрыманы і асуджаны за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
Сяргей Садоўнікаў