Віцебскі абласны суд пастанавіў, што жыхар Наваполацка вінаваты паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
- арт.130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці іншай варожасці)
- арт. 293 (навучанне або падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках)
- арт. 361-1 ( стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім)
- арт.369 (абраза прадстаўніка ўлады).
11 кастрычніка апеляцыйную скаргу Андрэя Зуева разглядаў Вярхоўны суд. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь пастанавіла змяніць прысуд, вынесены Зуеву ў Віцебску, але гэта тычыцца толькі афармлення судовых дакументаў.
У прыватнасці, пастаноўлена, што варта
- указаць у апісальна-матывіровачнай і рэзалютыўнай частках прысуду пры кваліфікацыі яго дзеянняў і асуджэнні па ч. 1 арт. 361-1 КК на рэдакцыю Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 траўня 2021 года № 112-З.
- указаць у апісальна-матывіровачнай частцы прыгавору пры кваліфікацыі яго дзеянняў па ч. 3 арт. 293 КК на рэдакцыю Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2015 года № 241-З.
-выключыць з рэзалютыўнай часткі прыгавору пры асуджэнні Зуева па ч. 3 арт. 293 КК указанне на рэдакцыю Закона Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 2005 года, указаўшы на рэдакцыю Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2015 года № 241-З.
У астатнім прысуд актывісту Вярхоўны суд вырашыў пакінуць без зменаў, а апеляцыйныя пратэст і скаргу - без задавальнення.
Андрэй Зуеў – былы сябар «Народнай Грамады», бацька 4 дзяцей, удзельнік сустрэч з Сяргеем Ціханоўскім. Увесну 2020 г. яго прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці нібыта «за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» - за ўдзел у гутарцы з блогерам, дзе ён раскрытыкаваў сістэму кіравання Аляксандра Лукашэнкі і дзейнасць урада. Улетку 2020г. Зуева зноў судзілі па тым самым артыкуле 23.34 КаАП за ўдзел у пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.
Ганна Грамыка