Перавод у турму безумоўна з“яўляецца інструментам узмоцненага ціску на палітычнага зняволенага. Ёсць цэлы шэраг асаблівасцяў, якія сведчаць пра пагаршэнне ўмоваў існавання за кратамі: прыкладам, у калоніі вязень можа траціць на асабістыя патрэбы да шасці базавых велічынь, а ў турме – толькі дзве, абмяжоўваецца колькасць спатканняў, змяншаецца час для прагулак на свежым паветры.
Паводле звароту калоніі, суд можа прызначыць тэрмін, на які вязня пераводзяць у турму. У выпадку Паўла Севярынца, гэта «максімальныя» тры гады. У траўні 2021г. палітвязень быў асуджаны паводле ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) да 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Цягам 10-ці дзён яго мусяць этапаваць на новае месца адбыцця пакарання. Праз тры гады Паўла Севярынца або вернуць у калонію, каб «дабыць» тэрмін зняволення, або адбудзецца новы суд дзеля працягу турэмнага ўтрымання.
Станіслаў Іваноўскі