Чацвер, 26 Студзень 2023

Жыхароў Віцебску Уладзіслава Аўчыннікава і Цімафея Галубко прызналі палітвязнямі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Беларуская праваабарончая супольнасць выступіла з чарговай заявай аб прызнанні шэрагу асуджаных палітычнымі зняволенымі. Сярод іх былы супрацоўнік УУС Уладзіслаў Аўчыннікаў, асуджаны да двух з паловай год калоніі, і былы работнік «Белтэлекаму» Цімафей Галубко, асуджаны да трох гадоў «хіміі». Былы «сілавік» Аўчыннікаў пакуль знаходзіцца ў Віцебскім СІЗА -2, а 20-гадовы Галубко, унесены ў пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, ужо адбывае тэрмін пакарання ў Магілёўскай ПУАТ №43.

Цімафей Галубко быў затрыманы ў пачатку чэрвеня 2022 г. Паводле звестак ГУБАЗ, хлопец удзельнічаў у акцыях пратэсту ў жніўні 2020 года, зарэгістраваўся ў чат-боце «Перамога», а таксама выкарыстаў спецыяльнае праграмнае забеспячэнне, каб рассылаць спам на нумары міліцыі. Цімафея асудзілі паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса РБ (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай ці іншай сацыяльнай варожасці ці варожасці), прычым першапачатковым выракам суду было 3 гады так званай «хатняй хіміі». Аднак гэты прысуд быў апратэставаны пракурорам і Вярхоўным судом, у выніку чаго і было прынята рашэнне аб змене пакарання на абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ. Працэс у Віцебскім абласным судзе праходзіў у закрытым рэжыме, з 22 снежня 2022 г. Цімафей Галубко пачаў адбываць пакаранне ў ПУАТ №43.Адміністрацыя ўстановы ўключыла яго ў спіс асобаў, схільных да тэрарызму, і забараніла грашовыя пераводы.

Былога супрацоўніка УУС Віцебскага аблвыканкама Уладзіслава Аўчыннікава асудзілі ў Кастрычніцкім райсудзе ў пачатку снежня 2022г. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, са снежня 2021г. па травень 2022 г. ён збіраў у базах дадзеных МУС інфармацыю аб прыватным жыцці і персанальных дадзеных, якую потым «распаўсюджваў у месэнджары Telegram». Мужчыну прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 352 (Неправамоцнае авалоданне камп’ютарнай інфармацыяй), ч. 2 арт. 424 (Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Сняжана Кіндзеева прызначыла Уладзіславу 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 300 базавых велічыняў.

Беларуская праваабарончай супольнасць лічыць, што дадзеныя выпадкі крымінальнага пераследу маюць палітычныя падставы. І што судовыя рашэнні прынятыя паводле палітычных матываў, парушаюць падставовыя прынцыпы справядлівага правасуддзя. «У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў вынікам сістэматычных шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання», – гаворыцца ў заяве аб прызнанні палітзняволенымі Уладзіслава Аўчыннікава, Цімафея Галубко і яшчэ 7 чалавек.

Жанна Жалейка