Згодна з версіяй абвінавачвання, з ліпеня 2018 года да студзеня 2022 года Рэзнікаў «з матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці наўмысна размясціў і захоўваў на агульнадаступнай старонцы сацыяльнай сеткі «ВКонтакте» файлы з інфармацыяй, звязанай з выказваннем станоўчага стаўлення да салдатаў калабарацыянісцкага фармавання «Беларуская краёвая абарона» і сябраў арганізацыі «РОНА», гераізацыяй нацысцкай і неанацысцкай ідэалогіі, фармаваннем станоўчага стаўлення да салдатаў Германіі ў сувязі з іх дзейнасцю ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі», «размяшчаў агульнадаступныя публікацыі для распаўсюду сярод нявызначанага кола асобаў ідэй нацызму, неанацызму, нацыяналізму, ксенафобіі і антысемітызму».
Аднак праваабаронцы адзначаюць, што «згаданыя ў абвінавачванні рэпосты не ўслаўлялі нацызм і не заклікалі наўпрост да гвалту, не ўтрымлівалі безумоўна ксенафобскіх ці неанацысцкіх ідэй, часам мелі неадназначны, дыскусійны характар. Роля і месца нацыянальных калабарацыянісцкіх фармаванняў у гісторыі не заўжды мае сталую ацэнку, і публікацыі Рэзнікавым размешчаных у вольным доступе фота- і відэаматэрыялаў пакідалі магчымасць у чытача фармаваць уласную пазіцыю ў адносінах да размешчанай інфармацыі».
Таксама па версіі абвінавачвання са студзеня 2019 года па снежань 2021 года Рэзнікаў публікаваў на сваёй старонцы паведамленні і «рэпосты», якія ўтрымлівалі абразы Лукашэнкі. 22 студзеня 2019 года размясціў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы фотавыяву з надпісам, у якой публічна абразіў намесніка старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь».11 снежня 2021 года ён размясціў у сетцы інтэрнэт для публічнага прагляду змененую графічную выяву дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, «чым здзекаваўся з дзяржаўнай сімволікі».
Паводле заявы праваабаронцаў, змест старонкі Аляксея Рэзнікава ў сацыяльнай сетцы сведчыць пра ягоную актыўную грамадскую пазіцыю, крытычнае стаўленне да дзеянняў улады. І « у такіх умовах асуджэнне абвінавачанага да працяглага тэрміна зняволення абумоўлена палітычным характарам справы, абвінавачваннем у абразе А. Лукашэнкі і іншага дзяржаўнага дзеяча, здзеку з дзяржаўных сімвалаў – размяшчэнні сатырычнага малюнка з элементамі герба, і наогул зʼяўляецца недапушчальнай формай абмежавання выказвання меркаванняў».
Жанна Жалейка