Міхаіл Жамчужны паведамляе, што са зьменай кіраўніцтва калёніі палітыка ўстановы ў дачыненьні да яго “пацяплела” – стала добразычліва-ветлівай, прынамсі вонкава. На звароты палітвязьня пачалі адказваць пісьмова і са спасылкамі на законы.
“Вось толькі законы ў нас супярэчлівыя. У іх на любы выпадак жыцьця можна знайсьці прыдатнае абгрунтаваньне незаконным дзеяньням службовых асобаў”, – наракае ў лісьце Жамчужны.
“Такога нідзе ніколі не было!..”
Прыкметай пацяпленьня ён лічыць і тое, што яму далі 3 месяцы ПКТ (памяшканьне крытага тыпу). Бо раней за парушэньні ўмоваў адбыцьця пакараньня яго, як правіла, кідалі ў ШІЗА, а калі і адпраўлялі ў ПКТ, дык ня больш чым на месяц. Больш за тое, яму дазволілі без чаргі атаварвацца ў краме калёніі, перасталі шукаць пыл на тумбачцы і павуціньне пад батарэяй.
“Кожны тыдзень, у панядзелак, у камэру заходзіць начальнік калёніі і цікавіцца пытаньнямі майго знаходжаньня ў калёніі. Такога нідзе ніколі не было!” – дзівіцца пераменам Міхаіл Жамчужны, які цягам 10 гадоў перабыў ужо практычна ва ўсіх беларускіх папраўчых калёніях і турмах.
Штодзень аб 11-й гадзіне мэдыкі цікавяцца станам ягонага здароўя. Дазволілі нават купіць вітаміны за свой кошт. Гэтага палітвязень дамагаўся апошнія паўтары гады.
Лісты пачалі даходзіць да адрасатаў
Наладзілася і перапіска – да адрасатаў даходзяць лісты без ранейшых праблемаў. Але пісаць стаў настолькі больш, што ў палітвязьня ўжо скончылася папера для пісаньня.
“З патрэбаў: папера скончылася, а “атаваркі” – толькі ў сярэдзіне траўня. Калі будзе магчымасьць, укідвайце ў канвэрт 4-5 чыстых аркушаў паперы, пажадана ў клетачку”, – просіць зьняволены ўсіх, хто яму піша.
Між тым, Міхаіл паведамляе, што яму зусім незразумелая сытуацыя зь яго практычна поўнай ізаляцыяй у дачыненьні да іншых зьняволеных. Гэта выяўляецца ў тым, што яго водзяць па закрытай для іншых “забароненай зоне”, шпацыры праходзяць на самоце, а калі вядуць па калідоры – усіх зьняволеных разганяюць і зачыняюць у камэрах.
Накіраваў у Вярхоўны суд наглядную скаргу
Знаходзячыся ў такой жорсткай ізаляцыі, увесь свой вольны час Жамчужны праводзіць за складаньнем абскарджаньняў ранейшых дысцыплінарных спагнаньняў у судзе Горацкага раёну. Спадзяецца, што зможа “большую частку спагнаньняў “адыграць” і прыцягнуць да адказнасьці службовых асобаў, якія іх прызначылі”.
Піша таксама, што “месяц таму накіраваў у Вярхоўны Суд наглядную скаргу на прысуд”. “Адказу пакуль няма. Значыць разьбіраюцца!” – зазначае.
Жамчужны піша, што ня страчвае надзеі пабачыць свае артыкулы ў незалежнай прэсе. Апошнім часам ён дасылаў свае артыкулы ў “Народную волю”, “Белгазету” і “Новы час”.
Напрыканцы ў сваім лісьце палітвязень Міхаіл Жамчужны віншуе ўсіх з мінулымі вясновымі сьвятамі, асабліва – зь Вялікаднем: “Зычу, каб Хрыстос быў вашым абаронцам і натхняў на добрыя справы!”
Лявон Яфрэменка