“Зьнішчылі мае віншаваньні зь Вялікаднем”
Зэк-праваабаронца Жамчужны піша пра тое, што з прыходам вясны зноў абвастрылася сытуацыя з перапіскай. “Зьнішчылі мае віншаваньні зь Вялікаднем шэрагу праваабаронцаў, у тым ліку віцяблянцы Тацяне Севярынец”, – з горыччу паведамляе палітвязень.
“Не зьдзіўляйцеся, што пішу Вам ліст на выкарыстаным аркушы – у мяне скончылася папера. Напэўна, толькі заўтра (5 мая) куплю”, – паведамляе пра сваю “бяду” Міхаіл Ігаравіч.
“А я зьдзівіўся такому бязладзьдзю, – адрэагаваў на гэтае паведамленьне Леанід Сьвецік. – Як можна дапусьціць, што Міхаілу даводзіцца пісаць лісты на ўжываных аркушах? Гэта абуральна! Знаходзячыся ў ПКТ, Жамчужны ня можа пазычыць паперы для пісаньня ў сукамэрнікаў. І ў гэтай сытуацыі кіраўніцтва калёніі магло пайсьці насустрач палітвязьню і даць яму магчымасьць пазычыць альбо набыць паперу. Аднак яно гэтага ня робіць. Цалкам дапускаю, што такім чынам адказныя асобы ПК-9 папросту зьдзекуюцца над зьняволеным і над тымі, з кім Жамчужны перапісваецца. Калі так, то гэта нейкая ганьба беларускай сыстэме выкананьня пакараньня!”
Жамчужны піша лісты на ўжо выкарыстаных аркушах паперы
Абскардзіў тытул “экстрэміста”
“Атрымаў адказ на наглядную скаргу зь Вярхоўнага Суду – прысуд пакінуты бязь зьменаў. Але паведамляецца, што па нанава адкрытых акалічнасьцях варта абскардзіць у пракуратуру ў межах разьдзелу 43 КПК. Упершыню за 10 гадоў чую пра падобную працэсуальную магчымасьць. Напэўна, КПК зьмяніўся. Ўлічу гэта для будучай працы. Пляную скарыстацца парадай ВС”, – піша ў лісьце Жамчужны.
“Абскардзіў прафіляктычны ўлік “экстрэміста” ва ЎДВП Магілёву, а потым начальніку калёніі. Гэта дае права абскардзіць улік у судзе, бо гэты ўлік быў прызначаны, калі я ня меў аніводнага спагнаньня і меў статус “стаў на шлях выпраўленьня” і “палепшаныя ўмовы”. Тытул “экстрэміста” не дазваляе мне зьвяртацца ў Камітэт па правах чалавека ААН зь індывідуальнымі скаргамі, таму што яны не разглядаюць скаргі тэрарыстаў, якія ўваходзяць у паняцьце “экстрэміст”, – паведамляе палітвязень.
“Многае высьветлілася, праўда?..”
“Зьнікла ўжо 9-я заява за два гады на аплату вітамінаў. Ніводнай аскарбінкі не даюць. Аднак даведаўся з адказу Міністэрства аховы здароўя, што мэдчастка падпарадкоўваецца МУС згодна з пастановай МУС і Міністэрства аховы здароўя ад 27.08.2003 №202/39. Многае высьветлілася, праўда? Працягваю змагацца за жыцьцё!”
“Абскардзіў паўторна Магілёўскаму пракурору напад на мяне 24 студзеня 2018 году ў мэдчастцы калёніі. Да скаргі прыклаў доказы, якія маю. Гэта дасьць магчымасьць адмяніць усе спагнаньні і вызваліцца па дасягненьні пэнсійнага ўзросту альбо па амністыі да Дня вызваленьня Беларусі”, – напісаў Міхаіл Жамчужны.
Сьвецік: Ён вытрымае ўсе выпрабаваньні
“Сёлета ўлетку споўніцца 4 гады майму ліставаньню зь Міхаілам Жамчужным. За гэты час я досыць глыбока вывучыў асабістыя якасьці Міхаіла. Лічу яго мужным, ня абыякавым да чужых праблемаў чалавекам, здольным стаяць да канца ў справе абароны правоў чалавека. Спадзяюся, што ён вытрымае ўсе выпрабаваньні і выйдзе на свабоду годным чалавекам”, – характарызуе калегу праваабаронца Леанід Сьвецік.
Лявон Яфрэменка