Як паведамляў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, ціск на палітвязьня Міхаіла Жамчужнага з боку адміністрацыі папраўчай калёніі №9 (г. Горкі) не спыняецца. Да ранейшых спагнаньняў у дачыненьні да палітвязьня дадаліся наступныя: 10 сутак у штрафным ізалятары (ШЫЗА) ад 31 чэрвеня; 10 сутак – ад 10 жніўня; і зноў 10 сутак – 20 жніўня.
Такім чынам, палітвязень амаль бесьперапынна працягвае знаходзіцца ў ШЫЗА. Гэта 35-е спагнаньне, вынесенае Жамчужнаму адміністрацыяй Горацкай калёніі са жніўня 2017 году.
“Апошні раз Міхаіл мне напісаў у чэрвені, – кажа Леанід Сьвецік. – Кожны месяц адпраўляю яму лісты ў калёнію, але адказу няма. Відаць, ён пастаянна знаходзіцца ў ШЫЗА, а таму ня мае магчымасьці пісаць лісты сябрам на волю. І гэтая сытуацыя вельмі занепакойвае, бо ня кожны вытрымае такія выпрабаваньні. Жамчужнаму ўжо больш за 60 гадоў, гэта самы сапраўдны зьдзек над сталым чалавекам”.
Паводле праваабаронцы, у лістох Жамчужны амаль ніколі ня скардзіцца на здароўе, але гэта зусім не азначае, што яно ў яго добрае.
“Міхаіл проста ня хоча паказацца слабым, а таму, напэўна, са скаргамі і не зьвяртаецца, – мяркуе Леанід Сьвецік. – Але ж ён практычна не выходзіць са штрафнога ізалятара, уяўляеце, што гэта такое? Такі прэс ня кожны малады чалавек вытрымае, а Міхаіл Жамчужны ўжо пэнсіянэр. Які тут арганізм вытрымае? І як доўга здолее трываць? Неяк у лісьце Міхаіл пажартаваў, што ў адрозьненьне ад ШЫЗА ў памяшканьні камэрнага тыпу ён “адпачывае на курорце”. Як той казаў, усё было б так сьмешна, калі б не было так сумна”.
Нагадаем, заснавальнік “Платформ Інавэйшан” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 году быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакараньне – шэсьць з паловай гадоў пазбаўленьня волі.
Ён быў прызнаны вінаватым у зьдзяйсьненьні злачынстваў, прадугледжаных арт. 376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт. 16, арт. 375 (частка 1) і арт. 431 (часткі 1 і 2): падбухторваньні да наўмыснага разгалошваньня зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконным набыцьці і збыце спэцыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, у тым ліку – паўторна; даваньні хабару і даваньні хабару паўторна.
Праваабаронцамі Міхаіл Жамчужны прызнаны палітвязьнем.