“Сёлета я накіраваў Жамчужнаму пяць лістоў і адну віншавальную паштоўку. Пры гэтым ад яго не атрымаў аніводнага паведамленьня. Мы зь Міхаілам перапісваемся рэгулярна цягам ужо трох гадоў. І гэты факт наводзіць мяне на думку, што з боку ПК-9 назіраецца сыстэматычнае парушэньне грамадзянскіх правоў палітвязьня Жамчужнага”, – мяркуе Леанід Сьвецік.
Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама ў лісьце, што да 19 чэрвеня ён знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу, бо напрыканцы траўня яго пакаралі 10 суткамі знаходжаньня ў штрафным ізалятары – “нібыта за спазьненьне на дзьве хвіліны пры выкананьні каманды “Адбой”.
Насамрэч, сапраўднай прычынай пакараньня стала просьба палітвязьня да адміністрацыі даць яму магчымасьць азнаёміцца з адказамі на скаргі па ягонай крымінальнай справе.
Аддзел уласнай бясьпекі МУС па Віцебскай вобласьці павінен быў расьсьледаваць пададзеныя ў скарзе факты вымаганьня ў палітвязьня хабару старэйшым опэрупаўнаважаным Кастрычніцкага РАУС Віцебску Жукавым. Гэтыя дакумэнты, як мяркуе Міхаіл Жамчужны, далі б яму права на перагляд справы, бесьпярэчную рэабілітацыю і апраўданьне.
“Дакумэнты я атрымаў у той жа дзень, таму што патрабаваў іх у прысутнасьці пракурора. Але за гэта атрымаў 10 сутак ШІЗА”, – піша Жамчужны.
У сваім кароткім лісьце палітвязень расказаў таксама праваабаронцам, як сябе адчувае і чым займаецца. “Здароўе ў парадку, настрой цудоўны. Абскарджваю рэжым утрыманьня ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці”, – паведаміў Міхаіл Ігаравіч.
Традыцыйна падзякаваў усім , хто падтрымлівае яго лістамі ды ў сродках масавай інфармацыі.
Лявон Яфрэменка