Нядзеля, 19 Лістапад 2017

Палітвязень Міхаіл Жамчужны адбыў 11-е пакараньне ў штрафным ізалятары

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Як стала вядома Праваабарончаму цэнтру “Вясна”, 16 лістапада скончыўся 5-сутачны тэрмін зьмяшчэньня ў ШЫЗА палітвязьня Міхаіла Жамчужнага. Гэта ўжо 11-е спагнаньне, якое асуджаны атрымаў з пачатку жніўня бягучага году ад адміністрацыі калёніі №9 (г. Горкі). Імаверна, зараз будзе вынесенае чарговае.

Праблемы ў Міхаіла Жамчужнага пачаліся пасьля пераводу ў Горацкую калёнію, дзе з патураньня адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасьці і зьневажальнага характару ўмовы для адбыцьця пакараньня, арганізаваная кампанія яго цкаваньня, зьвязаная з утварэньнем у асяродзьдзі вязьняў нефармальных стасункаў.

Спагнаньні адміністрацыя калёніі ў Горках пачала выносіць Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад №13, сфармаваны са зьняволеных зь “нізкім статусам”. Афіцыйная фармулёўка падставаў для вынясеньня спагнаньняў: “Невыкананьне законнага патрабаваньня прадстаўніка адміністрацыі ісьці ў атрад”.

Апошнія месяцы жыцьцё палітвязьня выглядае наступным чынам: ад яго патрабуюць, каб ён перайшоў у вызначаны адміністрацыяй атрад – ён адмаўляецца – яму выносіцца чарговае спагнаньне, і ён накіроўваецца ў ШЫЗА ці ПКТ, пасьля вызваленьня адтуль сытуацыя паўтараецца. У сваіх тлумачальных, якія палітвязень прадстаўляе падчас атрыманьня спагнаньняў, ён указвае на сапраўдныя прычыны адмоваў пераходзіць у атрад №13 ці іншыя атрады Горацкай калёніі і патрабуе пераводу яго ў бясьпечнае месца. Вядома, што на заявы Міхаіла Жамчужнага аб зьмяшчэньні ў бясьпечнае месца адміністрацыя не рэагуе. Таксама вядома, што ў аналягічнай сытуацыі ў Горацкай калёніі знаходзяцца каля 50 чалавек, якім навязваецца “нізкі статус” і якія, адмаўляючыся яго прызнаваць, атрымліваюць рэгулярныя спагнаньні.

Падставы адкліканьня адміністрацыяй калёніі прадстаўленьня аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым зьняволеньня да гэтага часу застаюцца невядомымі, самому вязьню пра іх таксама не паведамілі.

Упраўленьне дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Магілёўскай вобласьці на скаргу адносна накладаньня самага першага спагнаньня адказала, што яно вынесенае законна, і падставаў для яго адмены няма. УДВП таксама сьцьвярджае, што праверка паказала, што “якіх-небудзь пагроз жыцьцю і здароўю асуджанага Жамчужнага М. няма, як няма і падставаў, якія б перашкаджалі яго адбыцьцю пакараньня ў ПК №9”.

Міхаіл Жамчужны працягне абскарджаньне гэтага і наступных спагнаньняў у судзе.

Палітвязень адзначае, што праз пастаяннае знаходжаньне ў ШЫЗА ня мае магчымасьці адказаць на атрыманыя лісты з волі. Яму зачытваюць толькі заказныя лісты, звычайныя – не зачытваюцца і не перадаюцца. Ён просіць сваіх адрасантаў пісаць яму заказныя лісты і, паводле яго словаў, спадзяецца, што калі будзе зьмешчаны ў ПКТ ці бясьпечнае месца, зможа ўсім адказаць.

http://spring96.org/