Панядзелак, 22 Жнівень 2016

Палітзэк Жамчужны знаходзіцца пад адміністрацыйным і псыхалягічным ціскам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Міхаіл Жамчужны Міхаіл Жамчужны

Вось ужо больш як год мінуў з часу вынясеньня прысуду палітвязьню Міхаілу Жамчужнаму. Адбываючы прызначанае судом пакараньне ў папраўчай калёніі №14, Міхаіл Ігаравіч не спыняе сувязяў з калегамі-праваабаронцамі, актыўна абараняе свае правы і законныя інтарэсы.

З афіцыйных крыніц стала вядома, што за час знаходжаньня ў калёніі зьняволены адправіў на волю і атрымаў 170 лістоў (уваходных – 65, выходных – 105). З 17 чэрвеня, моманту пастаноўкі на прафіляктычны ўлік, ім было атрымана 7 і адпраўлена 26 лістоў. Гэтым дадзеным Міхаіл не давярае, бо «на адзін атрыманы ліст адпраўляць па чатыры у адказ адэкватнаму чалавеку не пасуе». Ён мяркуе, што спэцслужбы калёніі рэгулююць плынь лістоў і тым самым парушаюць яго права на вядзеньне ліставаньня з вонкавым сьветам. Аднак гэтае меркаваньне не знайшло пацьверджаньня ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў, куды Жамчужны зьвяртаўся са скаргамі.

Пакуль жа Міхаіл Ігаравіч высьвятліў прычыну, чаму адміністрацыя калёніі надала яму статус зьняволенага, схільнага да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасьці.

Атрыманьне гэтага статусу «стала для мяне поўнай нечаканасьцю, – пісаў палітвязень у адным зь лістоў віцебскім праваабаронцам, – бо за ўвесь пэрыяд ўтрыманьня ў ПК №14 ня меў ніводнай заўвагі, парушэньня, быў атэставаны як асоба, "якая стала на шлях выпраўленьня", і меў узнагароду за прыкладныя паводзіны ў выглядзе дадатковай пасылкі».

Рэч у тым, што з колішнім начальнікам калёніі ў палітвязьня была таемная дамоўленасьць пра тое, што апошні "не вывешвае бел-чырвона-белы сьцяг на коміне качагаркі, а адміністрацыя ня лезе ў яго душу”; але той начальнік пайшоў на павышэньне, а з прыходам новага пачаліся рэпрэсіі. Як з рога дастатку пасыпаліся заўвагі. І тут «апэратыўны супрацоўнік капітан Крышталь вырашыў, што яму трэба стаць маёрам і прыдумаў акт пра мой экстрэмізм», – піша вязень ПК №14. Пасьля гэтага адпаведная камісія паставіла яго на прафіляктычны ўлік, у выніку чаго ўмовы адбыцьця пакараньня ў значнай ступені пагоршыліся.

Цяпер беларуская грамадзкасьць мае права казаць пра адміністрацыйны і псыхалягічны ціск, што робіцца на Міхаіла Ігаравіча сыстэмай ДВП.

«Вельмі ратуе гадзіньнік. У атрадзе агульны [гадзіньнік] адсутнічае, а на 4 праверкі ў суткі трэба зьяўляцца дакладна, інакш – акт і пакараньне», – гэтак перадае атмасфэру, у якой яму даводзіцца адбываць пакараньне, шасьцідзесяцігадовы праваабаронца.

Міхаіл Жамчужны таксама скардзіцца на тое, што з розных нагодаў кіраўнікі адміністрацыі не дазваляюць яму зрабіць фатаграфіі, якія можна даслаць за межы калёніі. Хоць фотасэсія была, і фотаздымкі рабіліся і на фоне муру, і ў праваслаўным храме пад абразамі, і з кнігамі Нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч з дароўнымі надпісамі аўтаркі. Але здымкі не былі ўхваленыя асобамі, адказнымі за адбор і друк фатаграфіяў для асуджаных.

Тым ня менш Жамчужны не сумуе. Паведамляе, што ў прынцыпе ў яго «ўсё добра». І просіць перадаць падзяку калегам-праваабаронцам за нядаўнюю публічную падтрымку ў сродках масавай інфармацыі.

Лявон Яфрэменка