Міхаіл паведамляе, што яго становішча ў зьняволеньні значна пагоршылася: ім «шчыльна заняліся апэратыўнікі». Цяпер практычна ўсе лісты апроч цэнзуры праходзяць яшчэ і апэратыўны аддзел. Такім чынам, для палітзэка сувязі з вонкавым сьветам сталі адчувальна больш абмежаванымі дзякуючы намаганьням спэцслужбаў папраўчай калёніі №14.
Апроч таго, Жамчужны атрымаў статус экстрэміста нібыта за распаўсюд экстрэмісцкай літаратуры сярод асуджаных. Паводле неафіцыйных зьвестак, да экстрэмісцкай літаратуры адміністрацыяй калёніі былі прылічаныя дзьве кнігі ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятланы Алексіевіч. Пры гэтым за восем месяцаў знаходжаньня ў ПК №14 праваабаронца ня меў ніводнага парушэньня рэжыму ўтрыманьня і ніводнай заўвагі.
Правакацыйныя дзеяньні адміністрацыі абурылі зьняволеных, былі ўспрынятыя імі «як бязьмежжа». Многія зь іх адкрыта аказваюць праваабаронцу маральную падтрымку.
Дый сам Міхаіл Ігаравіч не скарыўся незаконным і амаральным дзеяньням супрацоўнікаў калёніі. «Я ў адпаведнасьці з падпарадкаванасьцю пачаў апратэстоўваць абразьлівы для мяне статус экстрэміста, у адваротным выпадку будзе азначаць, што я з гэтым статусам згодны і яго прызнаю», – піша праваабаронца ў лісьце на волю.
Сытуацыя, што склалася, можа мець для Жамчужнага сур'ёзныя наступствы. Палітвязень гэта разумее і паведамляе, што статус экстрэміста напярэдадні чарговай атэстацыі можа адмоўна паўплываць на вызначэньне яго як зьняволенага, што выпраўляецца, і, як скутак гэтага, ён атрымае дрэнную характарыстыку. Дрэнная характарыстыка натуральным чынам паставіць крыж на станоўчым выніку разгляду нагляднай скаргі Жамчужнага ў Вярхоўным судзе. Апроч таго, парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня адкрывае яму просты шлях да падаўжэньня тэрміну зьняволеньня да двух гадоў паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу і да прэвэнтыўнага нагляду пасьля вызваленьня.
Тым ня менш палітвязень Жамчужны ня просіць дадатковай дапамогі ад праваабаронцаў, бо ён, паводле яго словаў, пры падтрымцы адваката кантралюе бягучую сытуацыю, на здароўе ня скардзіцца, знаходзіцца ў вясёлым гуморы і гатовы да барацьбы зь несправядлівасьцю.
Лявон Яфрэменка