Пятніца, 26 Красавік 2019

Чаму віцебскі “Справядлівы сьвет” падаў заяўку на “Несьмяротны полк” – камэнтар

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
"Бесьсьмяротны полк" у Менску, 2018 год. Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY "Бесьсьмяротны полк" у Менску, 2018 год. Фота: Вадзім Заміроўскі / TUT.BY

Стала вядома, што віцебскія апазыцыйныя камуністы – сябры партыі “Справядлівы сьвет” падалі ў Віцебскі гарвыканкам заяўку на правядзеньне 9 траўня акцыі-шэсьця “Несьмяротны полк”. Заяўку падтрымалі прадстаўнікі некалькіх недзяржаўных арганізацыяў.

Подпісы пад заяўкай у гарвыканкам паставілі прадстаўнікі партыі левых "Справядлівы сьвет" Галіна Барэйка і Вадзім Кузьмін,  а таксама прадстаўнікі гарадзкіх арганізацыяў Свабоднага прафсаюзу мэталістаў Яўген Інц і прафсаюзу РЭП Георгі Разумаў. Фігуруе ў заяўцы і арганізацыя ліквідатараў аварыі на ЧАЭС.

Шэсьце-акцыя “Несьмяротны полк” (“Бессмертный полк”) асацыюецца ў Беларусі перадусім з “русским миром”, георгіеўскімі стужкамі і партрэтамі Сталіна. Арганізатарамі шэсьця выступаюць звычайна прарасейскія арганізацыі.

Кузьмін: Партыя вырашыла – я падаў заяўку

Заяўку аб правядзеньні “Несьмяротнага палку” ў Віцебску падаваў у гарвыканкам сябра партыі “Справядлівы сьвет” Вадзім Кузьмін. “Віцебскай вясьне” ён патлумачыў, што гэта было “партыйнае даручэньне”.

“Партыя вырашыла – я падаў. Я ж ня іду супраць партыі, ёсьць жа партыйная дысцыпліна. Сказалі падаць – я пайшоў і падаў. Гэта партыйнае даручэньне. Мне можа нешта падабацца ці не падабацца, але калі мне сказалі, я павінен выканаць, а як яно будзе далей – невядома”, – патлумачыў Вадзім Кузьмін.

На просьбу выказаць уласнае стаўленьне да акцыі “Несьмяротнага палку” сказаў, што ставіцца да гэтага дваяка.

“Стаўленьне такое: у мяне ўсе ваявалі. Можна глядзець на гэта як на ўплыў Расеі, а можна ж па-іншаму. Адзін так, а іншы гэтак. Тут палітка ўмяшалася. Таму – дваякія пачуцьці. Можна ж і без георгіеўскай стужкі прайсьці, з чымсьці іншым. Паказаць сваіх родных, сваю памяць…” – сказаў Вадзім Кузьмін.

Ён мяркуе, што, хутчэй за ўсё, улады, якія “нешта там круцяць”, адмовяць у правядзеньні акцыі.

Разумаў: Нават не чытаў, што яны там напісалі

Між тым, прадстаўнік прафсаюзу РЭП у Віцебску Георгі Разумаў прызнаўся ў тэлефоннай размове, што нават не чытаў, “што яны там напісалі”. Паводле ягоных словаў, ініцыятарам заяўкі быў кіраўнік абласной партыйнай арганізацыі “Справядлівага сьвету” Мікалай Селівашка.

“Сёньня буду зь ім сустракацца, пачытаю і, калі трэба будзе, назад гэта ўсё вярну. Я ж думаў, што будзе мой подпіс як ад грамадзяніна, а Селівашка тут РЭП прыплёў…” – кажа Разумаў.

Раней дачыненьне подпісу пад заяўкай Разумава да  незалежнага прафсаюзу РЭП зьняпраўдзіў лідар арганізацыі Генадзь Фядыніч. Ён сьцьвердзіў, што подпіс Разумава выяўляе ягонае ўласнае меркаваньне, а не пазыцыю прафсаюзу РЭП, і што ў Віцебску наогул няма ніякай зарэгістраванай арганізацыі прафсаюзу.

Тацяна Севярынец: Ёсьць час выправіць памылку

Актывістка БХД Тацяна Севярынец у сваім допісе на асабістай старонцы ў Facebook заклікала падпісантаў заяўкі выправіць памылку і адклікаць свае подпісы.

На яе погляд, “шэсьце “Несьмяротнага палку” пад “каларадзкімі” стужкамі і партрэтамі забойцаў стала пасьля акупацыі Крыму і разьвязанай Крамлём вайны ва Ўкраіне ня проста дурным тонам, але менавіта сымбалем гэтай акупацыі, знакам падтрымкі палітыкі Крамля, спагадай да здрады”.

Зьміцер Міраш

Залагініцца каб дадаць камэнтары