У Віцебску ад 2016 году праводзяцца афіцыйныя імпрэзы, прысьвечаныя чарнобыльскай трагедыі – жалобныя малебны ва Ўсьпенскім саборы, удзел у якіх бяруць і прадстаўнікі гарадзкіх уладаў. Летась, пасьля афіцыйнага малебну, вэтэраны-чарнобыльцы спусьціліся да Дзьвіны і апусьцілі ў раку жалобны вянок з надпісам “Заўчасна памерлым чарнобыльцам – ад нас, жывых. Вечная памяць!” Такая сымбалічная акцыя ладзілася ў Дзень чарнобыльскай трагедыі цягам многіх гадоў. Аднак сёлета пасьля малебну вэтэраны адразу пачалі разыходзіцца па дамах.
“Вянку ня будзе. Улады сказалі, што вянок нельга апускаць…” – з горыччу паведаміў 78-гадовы вэтэран Чарнобылю Анатоль Гнеўка.
Больш падрабязна аб тым, чаму гарадзкія ўлады адмовілі ў правядзеньні жалобнай акцыі, расказаў яшчэ адзін віцебскі ліквідатар-чарнобылец Аляксандар Мікулін.
“Два тыдні таму мы хадзілі ў аблвыканкам, а потым у гарвыканкам і прасілі, каб у плян мерапрыемстваў уключылі нашую сымбалічную дзею. Але папрасілі, каб сёлета вянок апусьцілі маладыя людзі, курсанты МНС. Такім чынам хацелі перадаць традыцыю маладым. І спачатку нам адказалі, што няма праблемаў. Але пазьней з аддзелу ідэалёгіі гарвыканкаму патэлефанавалі Сяргею Іконьнікаву і сказалі, што вянок апускаць нельга: не ўхваляе царква, маўляў, у Страсную пятніцу нельга”, – распавёў Аляксандар Мікулін.
Раней былыя ліквідатары аварыі на ЧАЭС ладзілі сваю сымбалічную акцыю ў Віцебску, ня просячы ні дапамогі, ні дазволу ўладаў.
У 2018 годзе віцебскія журналісты зьнялі дакумэнтальную стужку пра вэтэранаў-ліквідатараў Анатоля Гнеўку і Сяргея Іконьнікава. Фільм "Сам-насам з памяцьцю" можна цяпер паглядзець у інтэрнэце.
Зьміцер Міраш