Серада, 14 Сакавік 2018

Віцебскія ўлады – супраць сьвяткаваньня Дня Канстытуцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Намесьнік старшыні адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску Аляксандар Ільмовіч забараніў мітынг, які мусіў адбыцца 15 лютага. Заяўку на мерапрыемства з мэтай адсьвяткаваць Дзень Канстытуцыі падаваў у раённую адміністрацыю праваабаронца Леанід Сьвецік.

Прычына адмовы – заяўнік не далучыў да сваёй заяўкі дамоваў, прадугледжаных рашэньнем Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 году № 881 «Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Віцебску».

Леанід Сьвецік прадбачыў, што менавіта гэткую падставу ўжывуць улады раёну дзеля забароны заяўленай ім імпрэзы. Таму ў заяўцы пазначыў: «Дамовы з упраўленьнем унутраных справаў Віцебскага абласнога выканаўчага камітэту, з установай аховы здароўя "Віцебская гарадзкая цэнтральная паліклініка" і з унітарным камунальным вытворчым прадпрыемствам "Віцебская гарадзкая жыльлёва-камунальная гаспадарка" будуць мною заключаныя толькі ў выпадку дазволу правядзеньня мітынгу. Адмова на падставе непадачы дамоваў будзе ўспрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі канстытуцыйных правоў і іншых законных інтарэсаў». Апошнюю заўвагу праваабаронцы намесьнік старшыні райадміністрацыі Ільмовіч праігнараваў.

Праігнараваў высокапастаўлены раённы чыноўнік і апошні сказ ў заяўцы Леаніда Сьвеціка: «Прапаную адміністрацыі Чыгуначнага раёну г. Віцебску ўзяць удзел у заяўленым мітынгу ў якасьці арганізатара». Калі б на гэтую прапанову быў дадзены станоўчы адказ, то ня трэба было б заключаць дамовы, згаданыя вышэй, якія вымагаюцца толькі ў выпадку, калі ў арганізацыі ці правядзеньні імпрэзы ня ўдзельнічаюць органы ўлады. Аднак паколькі спадар Ільмовіч «не заўважыў» прапанову, то, выходзіць, улады мо ня супраць паўдзельнічаць у арганізацыі мітынгу, які самі ж забаранілі?

Паводле віцебскага праваабаронцы, ён ня надта спадзяваўся, што чыноўнікі адміністрацыі раёну пагодзяцца на прапанаваны ім фармат сьвяткаваньня Дня Канстытуцыі: «Тое, што ўлады адмовяць у правядзеньні, я ніколькі не сумняваўся. Для ўладаў ня важна, што Канстытуцыяй гарантуецца рэалізацыя правоў і свабодаў грамадзян і што дзяржава абавязаная спрыяць грамадзянам у гэтым. Цягам дзесяцігодзьдзяў улады Віцебску забараняюць усе масавыя мерапрыемствы, якія заяўляюць жыхары гораду. І ня важна, якія падставы гэтых забаронаў. Важна іншае: мясцовыя "вэртыкальшчыкі" сьвядома і мэтадычна парушаюць палажэньні асноўнага закону краіны, дэкляраваныя ў ім палітычныя і грамадзянскія правы і свабоды, што недапушчальна ў дэмакратычным, плюралістычным грамадзтве».

Кастусь Дзьвінскі