Аўторак, 19 Красавік 2016

Віцебскія праваабаронцы рыхтуюцца да пікету

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Леанід Сьвецік Леанід Сьвецік

Заяўку на правядзеньне 30 красавіка пікету падаў актывіст праваабарончага руху Віцебску Леанід Сьвецік. Мэта мерапрыемства: інфармаваньне грамадзян пра спосабы абароны сацыяльных правоў – права на працу, права на пэнсійнае забесьпячэньне і права на бясплатнае мэдычнае абслугоўваньне і адукацыю.

Насамрэч у адміністрацыю Чыгуначнага раёну Віцебску праваабаронцам пададзеная нават не адна, а дзьве заявы. Апроч уласна заяўкі на правядзеньне пікету, патрабаванага законам, і забавязаньня пра забесьпячэньне грамадзкага парадку ўдзельнікамі (акрамя супрацоўнікаў праваахоўных органаў), іх мэдычнае забесьпячэньне і падтрыманьне месца правядзеньня пікетаваньня ў належным стане, Леанід Сьвецік накіраваў чыноўнікам яшчэ адну заяву: пра тое, каб раённая адміністрацыя прыняла рашэньне аб удзеле ў імпрэзе яе прадстаўнікоў.

У выпадку станоўчага адказу чыноўнікаў на заяву нумар два, праваабаронцы будуць вызваленыя ад цяжару па заключэньні дамоваў зь міліцыяй, мэдыкамі і камунальнікамі. Патрабаваньне заключаць такія дамовы зьмяшчаецца ў рашэньні Віцебскага гарвыканкаму аб масавых мерапрыемствах, прынятым у 2009 годзе, выканаць якое на практыцы пакуль яшчэ не ўдалося нікому. Калі ж мерапрыемства праходзіць пры ўдзеле прадстаўнікоў органаў улады, дамовы згодна са згаданым рашэньнем не вымагаюцца, і іх адсутнасьць ня стане фармальным падставай для забароны акцыі.

Зрэшты, хоць праваабаронцы і спадзяюцца, што прадстаўнікі мясцовай улады далучацца да іх напярэдадні 1 мая, каб разам распавесьці грамадзянам пра абарону іх працоўных і сацыяльных правоў, яны гатовыя і да таго, што іх ініцыятыва ня знойдзе падтрымкі ў чыноўнікаў райадміністрацыі. Як паведаміў Леанід Сьвецік, у гэтым выпадку заключаць дамовы яны ня будуць да таго часу, пакуль ня будзе атрыманы дазвол на правядзеньне імпрэзы.

«Адмова на падставе непрадстаўленьня дамоваў будзе успрынятая мною як сьвядомая перашкода ў рэалізацыі маіх правоў і законных інтарэсаў», – адзначыў віцебскі праваабаронца ў сваёй заяве ў раённую адміністрацыю аб правядзеньні пікету.