Юнькаўскі сельвыканкам (Пастаўскі раён) абвясціў збор сродкаў на фарбу для плоту і новую браму на могілках. Супрацоўнікі сельвыканкаму абвясцілі сход грамадскасці 1 траўня – з разлікам на тое, што жыхары Юнькаў напярэдадні Радаўніцы прыйдуць прыбіраць пахаванні сваіх родных.

«Аршанская газета» паведаміла, што на вуліцы Савецкай будзе ўсталявана скульптурная кампазіцыя «Семья – залог мира». Яна мае з’явіцца на беразе Дняпра дзякуючы фонду «Созидающий мир» і асабіста ягонаму заснавальніку Вячаславу Заранкову. Замоўчваецца, што такі самы помнік летась быў усталяваны на Кіпры, у курортным горадзе Ай-Напа…

На пасаду дырэктара Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа прызначылі Юлію Харкевіч, якая больш за дванаццаць гадоў працавала на пасадзе намесніка дырэктара, а з 1 снежня 2021 году была выканаўцам абавязкаў дырэктара. Новага кіраўніка прызначылі амаль праз 4 месяцы пасля звальнення Аляксандра Старых, пішуць «Народныя навіны Віцебску».

22 сакавіка практычна ўсе раённыя газеты Віцебскай вобласці згадалі 79-я ўгодкі знішчэння беларускай вёскі Хатынь ў 1943 годзе. Згадка пра трагедыю падчас мінулай вайны звязваецца найперш з тым, што 2022 год абвешчаны ў Беларусі Годам гістарычнай памяці. Але ці толькі гэтую трагічную дату варта ўзгадваць як значную падзею гісторыі? І ці толькі пра Хатынь трэба памятаць?

Віцебская актывістка і маці палітвязня Таццяна Севярынец прапанавала ўсім ахвотным падзяліцца ўспамінамі на тэму «Як я пачаў размаўляць па-беларуску». Такую прапанову яна агучыла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку». А распачаў флэшмоб Павел Севярынец – вядомы беларускі палітык і палітвязень, вытрымкі з ліста якога цытуе ў допісе ягоная маці.