Аўторак, 09 Люты 2016

Кватэрны канцэрт у Полацку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Георгі Станкевіч Георгі Станкевіч

У прыватным доме ў Полацку 31 студзеня адбыўся канцэрт Георгія Станкевіча. Гэта быў ня проста канцэрт, але яшчэ і прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму «Я лічу, што я шчасьлівы» і новага зборніка вершаў «Як сьлязінка дажджу». Больш як дваццаць гледачоў слухалі песьні, вершы і расповеды пра жыцьцё ўнікальнага чалавека – настаўніка, фэрмэра, паэта, барда, журналіста і выдаўца ў адной асобе – Георгія Станкевіча з-пад Бешанковічаў.

Апошнімі гадамі ўлады Полацкага раёну, якія кіруюць і горадам, ня раз забаранялі праводзіць канцэрты і сустрэчы зь беларускімі аўтарамі. Для мерапрыемстваў, зьвязаных зь беларускай мовай, беларускай культурай, гарадзкія пляцоўкі не даюцца. Так, ужо больш як год мясцовыя ўлады адмаўляюць палачанам у памяшканьні для правядзеньня курсаў беларускай мовы «Мова нанова». Таму беларускія культурніцкія імпрэзы цяпер часьцяком праходзяць у прыватных дамох.

Перад цяперашнім канцэртам адбылася прэзэнтацыя дакумэнтальнага фільму пра Георгія Станкевіча, які стварылі журналісты Алена Сьцяпанава і Аляксандар Зянкоў. Паэт і бард паказаны ў сваім штодзённым жыцьці ў вёсцы пад Бешанковічамі. Гэта была трэцяя дэманстрацыя фільму ў Беларусі. На наступны дзень такая самая імпрэза прайшла ў Воршы. Фільм арыентаваны найперш на інтэрнэт-аўдыторыю, яго працягласьць усяго 14 хвілін. Неўзабаве яго можна будзе паглядзець на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гледачамі канцэрту былі полацкія прыхільнікі беларускага слова і мясцовыя рэпартэры зь Беларускай асацыяцыі журналістаў. У адным пакоі ў 20 квадратных мэтраў прыватнага дому зь цяжкасьцю разьмясьціліся ўсе ахвотныя паслухаць сьпевы Георгія Станкевіча. На канцэрце гучала беларуская мова, сьцены пакоя ўпрыгожваў беларускі герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг вольнай Беларусі.

Цёплымі воплескамі ўдзельнікі кватэрнага канцэрту сустракалі кожную песьню барда. Гледачы прасілі Георгія Станкевіча пачытаць вершы зь ягонага новага зборніка «Як сьлязінка дажджу». Георгій адказваў на пытаньні палачан: пра тое, як пішуцца вершы, пра жыцьцё фэрмэра зь Бешанковіцкага раёну, пра працу настаўніка ў школе, пра выпуск самвыдатаўскай газэты «Крывінка», пра стасункі зь мясцовымі ўладамі.

Аляксандар Марозаў